Умець выслухаць і імкнуцца дапамагчы


Варапаеўскі сельскі Савет з’яўляецца самым вялікім у раёне па плошчы, а таксама па колькасці насельніцтва і выбарчых акруг. Узначальвае яго Наталля Мікалаеўна Седзюкевіч.

Як прадстаўнік выканаўчай улады яна займае пасаду старшыні сельскага выканаўчага камітэта, а як заканадаўчай — старшыні сельскага Савета дэпутатаў. Напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў карэспандэнт «ПК» гутарыць з Наталляй Мікалаеўнай пра выбарчую кампанію, кандыдатаў у дэпутаты, абавязкі народных выбраннікаў і іншае.

— Наталля Мікалаеўна, колькі населеных пунктаў на тэрыторыі сельсавета?
— 52 вёскі і гарадскі пасёлак Варапаева. У іх пражывае 4386 чалавек, з іх 2326 — працаздольнае насельніцтва.

— Назавіце, калі ласка, асноўныя арганізацыі і ўстановы, размешчаныя ў зоне вашай адказнасці. 
— Гэта Варапаеўская дыстанцыя пуці, дрэваапрацоўчы камбі­нат, Полаўскае, Старадворскае і Варапаеўскае лясніцтвы, ААТ «Пастаўскі райаграсэрвіс», аддзяленне ААТ «Навасёлкі-Лучай», раённая бальніца, чатыры ФАПы, тры бібліятэкі, дзве сярэднія і адна базавая школы, Дом культуры, дзіцячая школа мастацтваў, Гуцкі сацыяльна-культурны цэнтр. Акрамя гэтага, на тэрыторыі сельсавета працуюць інспектар і 26 сацыяльных работнікаў ТЦСАН, тры з іх — па сумяшчальніцтве. Усяго надомным абслугоўваннем ахоплены 222 чалавекі з 31 населенага пункта. Кіраўнікі гэтых і іншых арганізацый і ўстаноў вырашаюць не толькі надзённыя пытанні сваіх работнікаў, але і прымаюць актыўны ўдзел у жыцці сельсавета.

— Чым займаюцца дэпутаты Саветаў на месцах?
— У нашым сельскім Савеце 15 выбарчых акруг і столькі ж дэпутатаў. Усе — вартыя людзі, маюць асноўнае месца працы. Што да дэпутацтва, то гэта, па вялікім рахунку, неаплатная грамадская дзейнасць. Аднак, нягледзячы на гэта, кожны ставіцца да яго сумленна, імкнецца адпавядаць высокаму статусу, паважліва адносіцца да выбаршчыкаў. Раз у квартал дэпутаты прымаюць удзел у пасяджэнні сесіі сельскага Савета дэпутатаў, на спецыяльных сходах трымаюць справаздачу перад выбаршчыкамі, праводзяць асабістыя прыёмы, зацвярджаюць план сацыяльна-эканамічнага развіцця і гадавы бюджэт. Таксама дэпутаты ў складзе рэйдавай камісіі па супрацьпажарнай бяспецы абследуюць домаўладанні грамадзян, працуюць у звязцы са старэйшынамі вёсак па добра­ўпарадкаванні тэрыторый.

— З якімі пытаннямі часцей за ўсё звяртаюцца да дэпутатаў грамадзяне?
— Асноўныя пытанні — гэта падсыпка і рамонт дарог, добраўпарадкаванне могілак і вадаёмаў, спілоўванне аварыйных дрэў, забеспячэнне вадой і электраэнергіяй, праца аўта- і стацыянарных магазінаў і іншыя. Балючае пытанне, якое ўздымалася і выбаршчыкамі, і самімі дэпутатамі ўжо даволі працяглы час, — будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў Варапаеве. Яно доўга стаяла на кантролі, але з-за адсутнасці неабходных сродкаў не магло быць вырашана. Нарэшце справа скранулася з мёртвай кропкі, і зараз вядуцца работы па праектаванні станцыі.

— Якія, на вашу думку, якасці павінен мець дэпутат, каб карыстацца аўтарытэтам у выбаршчыкаў?
— Самае галоўнае — гэта ўмець выслухаць людзей і імкнуцца ім дапамагчы. Таксама дэпутату трэба добра ведаць, што адбываецца ў акрузе, чым жывуць выбаршчыкі, што іх хвалюе. Толькі так ён зможа эфектыўна вырашаць праблемы вясковых жыхароў, а калі гэта яму не па сілах, то інфармаваць пра іх органы ўлады.

— Як ідзе падрыхтоўка да выбараў?
— На тэрыторыі сельскага Савета адкрыты чатыры выбарчыя ўчасткі. Два з іх размяшчаюцца ў гарадскім пасёлку Варапаева (у памяшканнях сельвыканкама і дыстанцыі пуці), адзін — у Гуцкай сярэдняй школе, яшчэ адзін — на Старадворскім ФАПе. Утворана 15 выбарчых акруг з агульнай колькасцю выбаршчыкаў 3335 чалавек. У бягучую кампанію яны выберуць пятнаццаць дэпутатаў у сельскі Савет дэпутатаў, пяць — у раённы, двух — у абласны. На ўсіх участках для галасавання ўстаноўлены урны і кабіны, ёсць стэнды з неабходнай інфармацыяй. З другога лютага ва ўсіх выбарчых камісіях арганізавана дзяжурства. У сту­дзені членамі камісій удакладнены спісы выбаршчыкаў, зараз ім на дом разносяцца запрашэнні на выбары і інфармацыйныя матэрыялы пра кандыдатаў у дэпутаты. Запрашаю ўсіх прыняць актыўны ўдзел у выбарах.

ГутарылаВераніка ФІЛАНОВІЧ
Фота аўтара 


Кандыдаты ў дэпутаты Варапаеўскага сельскага Савета дэпутатаў

Усяго дэпутатаў — 15.
Грамадзяне ва ўзросце да 30 гадоў — 0.
Жанчыны — 7.
Больш за адно скліканне — 8.
Кіраўнікі арганізацый — 10.
Работнікі адукацыі, культуры, навукі, аховы здароўя — 6.
Работнікі дзяржаўных органаў — 1.
Работнікі транспарту — 1.
Работнікі сельскай гаспадаркі — 5.
Іншыя — 2.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.