Ваша вялікасць Міра Аматэрасу

Общество

Мянушку ёй далі заводчыкі, у якіх мы і набылі сабачку пароды сібірскі хаскі ва ўзросце трох месяцаў. Увогуле, Аматэрасу, як я даведалася, — гэта імя японскай Багіні Сонца.

Міра адразу стала ўсеагульнай любіміцай і найлепшай сяброўкай для маёй дачушкі, а зараз і маленькага сыночка.

У верасні гэтага года Міры споўніцца пяць гадоў. У 2015-м яна нарадзіла чатырох такіх прыгожых, як сама, чыстакроўных шчанючкоў. Вы іх бачыце на фота: Крыстафер, Каспер, Касандра і Кім.

У Міры добра развіты паляўнічы інстынкт. Калі выязджаем у лес, востра адчувае і хутка ловіць жывёл: вожыкаў, мышэй, жаб і іншых.

Разумная, па характары дружалюбная, ласкавая, вельмі любіць маленькіх дзяцей, цярплівая. Ахвотна спявае (зразумела, на сваёй, сабачай мове). А яшчэ хітрая. Мірна (можа, таму што Міра?) ужываецца з катом Грэем, якога я набыла нядаўна. Далікатная, пераборлівая ў ежы. Любімыя ласункі — сыр, яйкі, вэнджаная каўбаска, саладосці і …галубцы.

А ці бачылі вы калі-небудзь, каб сабака спаў на спіне? Мой, напэўна, выключэнне, бо гэта любімая яго поза. Ну, і не кожны чатырохногі сябар умее сварыцца. Толькі паспрабуй Міру пакрыўдзіць або павысіць на яе голас — столькі абурэння пачуеш  у адказ!

Алена РАТАБЫЛЬСКАЯ, г. Паставы



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.