З чалавекам і для чалавека

Экономика

Старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый Дунілавіцкага дома-інтэрната Л. І. Ясінская, ААТ «Навасёлкі-Лучай» — С. Г. Шапель, райспажыўтаварыства — Л. М. Касцюкова.

Адбылося пасяджэнне савета раённага аб’яднання прафсаюзаў. У яго рабоце прынялі ўдзел старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў І. К. Вазміцель і намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў. Былі падзведзены вынікі работы за мінулы год і абмеркаваны планы і задачы на бягучы.

На тэрыторыі раёна дзейнічаюць 273 пярвічныя грамадскія арганізацыі. Самая вялікая з іх — Пастаўскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў. Яно аб’ядноўвае ў сваіх радах больш за 10 тысяч чалавек. У склад раённага аб’яднання ўваходзяць 88 пярвічных і 4 раённыя прафсаюзныя арганізацыі — а гэта 12 галіновых прафсаюзаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Калектыўны дагавор – аснова

Работа раённага аб’яднання вялася на прынцыпах сацыяльнага партнёрства з раённым выканаўчым камітэтам і раённым Саветам дэпутатаў, службамі і грамадскімі арганізацыямі. Ад добрасумленнай работы, прафесіяналізму кожнага залежыць, як развіваецца раён, якія яго поспехі і набыткі. Галоўным жа багаццем былі і застаюцца людзі. Таму абавязак прафсаюзаў — клапаціцца пра камфортныя ўмовы працы, цікавы адпачынак работнікаў, умець падтрымаць іх у горы або раздзяліць радасць. Першым крокам у забеспячэнні сацыяльнай абароны чалавека з’яўляецца стварэнне прафсаюзнай арганізацыі, другім — заключэнне калектыўнага дагавора з наймальнікам.

Апошнім часам створана пярвічная прафсаюзная арганізацыя на прыватным гандлёвым унітарным прадпрыемстве «Будцеплаком». Яна ўваходзіць у арганізацыйную структуру Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў. Старшынёй абрана Таццяна Анатольеўна Нехвядовіч. Ёсць дамоўленасць на стварэнне прафарганізацыі на прыватным прадпрыемстве «Фрэшфудпак». Поле дзейнасці яшчэ вялікае, бо ёсць нямала арганізацый, якія зарэгістраваны ў якасці юрыдычных асоб, але прафсаюзныя «пярвічкі» там не створаны.

У аддзеле эканомікі райвыканкама зарэгістраваны 86 калектыўных дагавораў. Некаторыя арганізацыі працуюць без іх. Таму стаіць задача аб заключэнні новых і пераглядзе раней заключаных, каб імі былі прадугледжаны канкрэтныя меры падтрымкі чалавека працы. Важным пунктам дагавора з’яўляецца своечасовая выплата заработнай платы. Летась у гэтым кірунку праводзіліся маніторынгі многіх прадпрыемстваў і арганізацый раёна, падчас якіх было ўстаноўлена, што зарплата выплачвалася ў тэрмін. Пад пільнай увагай прафсаюзаў — санітарна-бытавыя ўмовы і лячэбна-прафілактычнае абслугоўванне работнікаў, арганізацыя харчавання (у тым ліку гарачага). Да прыкладу, работнікі аграпрамысловага комплексу падчас веснавых палявых работ, жніва забяспечваліся пітной вадой і двухразовым харчаваннем з аплатай да 25 працэнтаў ад кошту абеда.

Увага – ахове працы

Выконваючы рашэнні VII з’езда ФПБ, праводзіліся маніторынгі па пытаннях аховы працы, асабліва ў перыяд уборачнай кампаніі, захаванні тэмпературнага рэжыму ў зімовы перыяд. У раёне працавала рэйдавая група тэхнічнай інспекцыі працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Інспектары пабывалі ў 15 арганізацыях сельскагаспадарчай вытворчасці, прамысловасці, гандлю, культуры, аховы здароўя, адукацыі і выявілі больш за 90 парушэнняў заканадаўства аб працы. Наймальнікам выдадзена 14 рэкамендацый. Вынікі работы рэйдавых груп былі разгле­джаны на пасяджэнні райвыканкама. З мэтай абароны працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў грамадзян у сферы захавання заканадаўства аб працы і ахове працы для старшынь раённых камітэтаў галіновых прафарганізацый, грамадскіх інспектараў праведзена вучоба. Нягледзячы на прымаемыя меры, у мінулым годзе на адным з прадпрыемстваў адбыўся няшчасны выпадак са смяротным зыходам.

Вялікая ўвага ўдзяляецца зваротам грамадзян. Раз у месяц асабісты прыём вядуць старшыня аб’яднання, а таксама прававыя інспектары. За мінулы год у раённае аб’яднанне прафсаюзаў паступіла 25 зваротаў. Яны датычылі заключэння працоўных кантрактаў, прадастаўлення водпускаў, дадатковых гарантый па калектыўных дагаворах, працаўладкавання, аздараўлення. У будучым такія прыёмы будуць весціся сумесна з прадстаўнікамі пракуратуры.

Анна АНІШКЕВІЧ
Фота аўтара

(Працяг матэрыяла чытайце на 2-ай старонцы  № 16 газеты “Пастаўскі край” ад 28-га лютага 2018 г.)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.