Захоўваюць Паставы баявую славу


Частка экспанатаў, прадастаўленая музею М. Р. Івановым.

Пад такой назвай сёння ў 15 гадзін у раённым краязнаўчым музеі адкрыецца выстава, прысвечаная 100-годдзю Узброеных Сіл Беларусі.

Калісьці ў Паставах дыслацыраваліся 32-я ракетная дывізія, 378-ы асобны штурмавы авіяполк, 940-ы і 305-ы авіяцыйныя палкі знішчальнікаў-бамбардзіроўшчыкаў. Менавіта іх дзейнасці і прысвечана асноўная частка выставы. Яе адметнасць у тым, што яна складаецца часткова з экспанатаў музейнага фонду (іх пасля расфарміравання дывізіі перадалі ўстанове ракетчыкі), часткова — з асабістых рэчаў былых авіятараў, якія яны прадаставілі спецыяльна для музейнай экспазіцыі.

Усяго на выставе каля 200 экспанатаў. Чаго тут толькі няма! Фотаздымкі, шлемафоны, навігацыйныя лінейкі і планшэты, парашуты, выратавальныя камплекты, прыборы хі­мічнай разведкі, медалі, какарды, знакі выдатнасці, кнігі, форма афіцэра… Адразу кідаюцца ў вочы авіяцыйны гермашлем, аснашчаны кіслароднай маскай (выкарыстоўваўся на вышыні больш за дзесяць тысяч метраў), вышынныя кампенсавальны і вентыляцыйны касцюмы лётчыкаў, надзіманы плыт, прызначаны для дыслакацыі на ваду з паветранага судна. Сапраўды ўнікальны прадмет экспазіцыі — ключ для пуску ракеты. Немагчыма прайсці і міма рэчаў, прынесеных у музей Мікалаем Рыгоравічам Івановым. Да службы ў штурмавым палку ён зведаў хлеб марскога афіцэра. Форма кадравага ваеннага Чарнаморскага флоту, футравы камбінезон, унты, шкарпэткі з вярблюджай воўны — рэчы, якія і сёння захоўваюцца ў яго сям’і і  магчымасць падзівіцца з якіх ён падарыў наведвальнікам выставы.

Разам з ім найбольш значны ўклад у фарміраванне музейнай экспазіцыі зрабілі Сяргей Уладзіміравіч Пажытнаў, Аляксандр Мікалаевіч Астравушка, Аляксандр Мікалаевіч Гапонаў, Анатолій ­Веньямінавіч Асяненка, Уладзімір Іванавіч Маркаў, Юрый Сяргеевіч Копасаў, Юрый Фёдаравіч Шушуноў. За водгук на прапанову падзяліцца асабістымі рэчамі для фарміравання выставы ім і многім іншым ваенным пенсіянерам вельмі ўдзячныя супрацоўнікі музея. Мяркую, і яе наведвальнікі таксама. Ва ўсялякім разе асабіста я дакладна: практычна ўсе элементы паўсядзённага жыцця ваеннаслужачых убачыла ўпершыню, з цікавасцю слухала пра іх прызначэнне.

Паклапаціліся пра насычанасць экспазіцыі і супрацоўнікі раённага ваеннага камісарыята. Яны ўзбагацілі выставу альбомам з фотаздымкамі, Падзячнымі лістамі і службовымі характарыстыкамі, якія прыходзілі ва ўстанову ў адрас нашых землякоў, загадам аб прызыве на воінскую службу ад 1966 года і ін­шым. Асобная частка выставы прысвечана жыхарам Пастаўшчыны, якія ўдзельнічалі ў вайне ў Афганістане, і складаецца з сучасных партрэтных фотаздымкаў.

Найбольш цікавыя экспанаты выставы будуць дэманстравацца ў РДК па вуліцы Станкевіча 23 лютага. Убачыць яе ў музеі можна будзе да сярэдзіны мая.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.