Жывая мова


Апошнім часам назіраецца павышаная цікавасць, асабліва сярод моладзі, да беларускай мовы. Гэта бачна па колькасці ўдзельнікаў курсаў “Мова нанова”, якія з аншлагам праводзяцца ў многіх гарадах краіны, у прыватных размовах, афіцыйнай інфармацыі, рэкламе.

І гэта натуральна, бо чалавек, які здольны лагічна разважаць, урэшце прыходзіць да высновы, што ў краіне, дзе беларусы складаюць звыш 80% насельніцтва, асноўнай мовай зносін мусіць быць беларуская.

Наша мова — адна з самых старажытных еўрапейскіх моў, мае шмат агульных рыс з індаеўрапейскімі гаворкамі, санскрытам, многа роднасных слоў у далёкай Індыі. Разам з тым яна і адносна маладая, бо, сфарміраваўшыся ў ХІІІ-ХV стагоддзях, доўгі час літаратурна амаль не развівалася: вышэйшыя саслоўі карысталіся мовай метраполій — польскай або рускай. Але ў вёсках наша мова была і працаўніцай, і пявунняй, і казачніцай, і каралеўнай.

Сто гадоў таму беларусы на ўвесь свет абвясцілі пра жаданне стварыць уласную дзяржаву. З’явілася Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), пазней — Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР). З таго часу беларуская мова атрымала шанц развівацца як дзяржаўная. Стагоддзе па гістарычных мерках — не так шмат, але яно прынесла беларускаму народу такія выпрабаванні, якія не меў, напэўна, ні адзін еўрапейскі этнас: дзве сусветныя вайны, даваенныя і пасляваенныя рэпрэсіі, эканамічныя крызісы і сацыяльныя эксперыменты, змены моўнай палітыкі. І тым не менш наша мова жыве і развіваецца, Хоць умовы для гэтага не сталі лягчэйшыя. Амаль знікла традыцыйная беларуская вёска, жыхары якой былі спрадвечнымі носьбітамі мовы, не спрыяе беларускаму слову і сістэма адукацыі, якая ў асноўным рускамоўная. Камп’ютарныя тэхналогіі, сродкі сувязі, інтэрнэт узмацнілі ўздзеянне на ўсе сферы жыццядзейнасці людзей. Да рускай і польскай плыняў далучылася англійская: словы “файл”, “сканер”, “прынтар”, “ноўтбук” і іншыя ўжо трывала ўвайшлі ва ўжытак. Існаванне двух правапісаў (“наркамаўкі” і “тарашкевіцы”) вядзе да паступовага фарміравання дзвюх субкультур, двух літаратурных арэалаў у беларускай мове.

Разам з тым маладыя даследчыкі, спецыялісты, журналісты, грамадскія дзеячы імкнуцца ўвесці ў лексіку адметныя, часам забытыя словы са слоўнікаў пачатку ХХ стагоддзя В. Ластоўскага, Байкова-Некрашэвіча, з ін­шых еўрапейскіх моў. І гэта з’ява натуральная: яна сведчыць, што наша мова развіваецца, жыве, удасканальваецца. Некаторыя новыя словы трывала ўвойдуць у сучасную беларускую лексіку, некаторыя не прыжывуцца. У моўных пытаннях нельга дзейнічаць шляхам забарон, абмежаванняў, крытыканства. У стасунках з людзьмі мы мусім быць далікатнымі і талерантнымі.

Мова — аснова чалавечай душы: яна фарміруе нашы думкі, пачуцці, светапогляд. Таму пашыраць беларускае слова трэба ўласным стаўленнем да яго, уласным прыкладам беларускага маўлення, удзелам у розных культурных імпрэзах, у стасунках з прыхільнікамі і аднадумцамі. І не трэба баяцца таго, што ў гаворку ўплятуцца рускія, польскія, англійскія словы, што бу­дзе гучаць трасянка. У цяперашніх умовах важна імкненне чалавека гаварыць па-беларуску, а не крыштальная чысціня яго маўлення. На Пастаўшчыне пражывае даволі вялікая група людзей, якія па розных прычынах або не вывучалі, або не карысталіся доўгі час беларускай мовай, але разумеюць, што важна ўмець гаварыць па-беларуску, і жадаюць навучыцца гэтаму. Зразумела, што працэс даволі доўгі, і ў маўленчай практыцы пастаянна будуць памылкі, агаворкі, іншамоўныя словы. Але такія людзі заслугоўваюць павагі і падтрымкі, а не асуджэння.

Ёсць простая формула: калі мы гаворым, пішам, чытаем па-руску, па-польску, па-англійску, то ў гэты час мы не гаворым, не пішам, не чытаем па-беларуску. А гэта тое самае, што пакінуць дарагога, блізкага чалавека ў адзіноце, а самому адправіцца на баляванне з гасцямі. Так не павінна быць. Роднае, блізкае, дарагое трэба любіць і шанаваць. Гэта разумеюць людзі, якія аб’ядноўваюцца ў Таварыства беларускай мо­вы. Сябры гэтай арганізацыі імкнуцца пашырыць ужыванне роднага слова ў розных сферах жыцця. Не ўсё ўдаецца. Не хапае рэсурсаў, магчымасцей, актыўных прыхільнікаў. ТБМ — грамадская арганізацыя, сяброўства ў якой не прыносіць фінансавага прыбытку, але дазваляе далучыцца да дзейнасці на карысць самага каштоўнага, што ёсць у кожнага народа, — мовы. Таму спадзяюся, што ў бліжэйшы час новыя прыхільнікі беларускага слова папоўняць шэрагі таварыства.

Ігар ПРАКАПОВІЧ, старшыня раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы


Кожны год 21 лютага сусветная грамадскасць адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. З нагоды гэтага свята ў Паставах  25 лютага ў 12.00 у касцёле Святога Антонія Падуанскага адбу­дзецца святая Імша за беларускую мову, а ў 13.00 у памяшканні дзіцячай бібліятэкі пройдзе першы этап Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі — сімвалічнай акцыі, у якой кожны жадаючы сваім удзелам можа засведчыць павагу і любоў да роднай мовы.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.