Зноў з бронзай!

Спорт

«Атлант» (Паставы) – «РДВАР» (Мінск) – 0:3, 1:3

1 дзень. (23:25, 21:25, 13:25).
2 дзень. (21:25, 25:21, 17:25, 21:25).

Сапернікі прыехалі ў наш горад у прыўзнятым настроі, бо за важкае дасягненне — выхад у фінал чэмпі­янату Еўропы сярод юніёраў да 18 гадоў — Беларуская федэрацыя валейбола прысвоіла ім ганаровыя званні кандыдатаў у майстры спорту. Перад гульнямі ў Паставах маладыя таленты з усіх куткоў краіны даведаліся, што 7-14 красавіка ў чэшскім горадзе Злін ім прый­дзецца пазмагацца за ўзнагароды кантынентальнага першынства супраць чэхаў, аднагодкаў з Турцыі, Балгарыі, Грэцыі і Германіі. А ў паядынках 10 тура нацыянальнага першынства ў нас і паралельна ў Оршы ў ды­візіёне “Б” вырашаўся лёс медалёў, вынікі матчаў былі вельмі важныя для чацвёркі лідараў.

З самага пачатку госці прадэманстравалі, што ўмеюць многае, але і ў пастаўчан былі свае казыры — атакі першым тэмпам у выкананні Віталя Варанца і Данілы Шышко, а на флангах набіралі ачкі вопытны Сяргей Шатэрнік і малады Андрэй Казлоўскі. У сярэдзіне першай партыі пастаўчане ліквідавалі адставанне ў чатыры мячы, а пасля вельмі складаных для прыёму падач распасоўшчыка і капітана Дзмітрыя Аксёненкі выйшлі наперад — 19:18. Аднак і мінчане таксама ўзмацнілі свае падачы, прыбавілі ў іншых кампанентах гульні. Спыніць іх націск нашым не ўдалося, і ў выніку сапернік дабіўся перамогі.

Тым часам у другой сустрэчы ў Оршы гамяльчане былі наперадзе з лікам 2:1, але мясцовы “Узлёт” пераламаў ход гульні і дабіўся валявой перамогі з пяці партый. У паўторным матчы пастаўчане памянялі гульнявую форму, на пляцоўцы з’явіліся новыя дыяганальныя Ягор Артамонаў і Ян Сакалоўскі. Спачатку паядынак праходзіў пад дыктоўку саперніка, але маладыя мінчане рана супакоіліся. Гаспадары, наадварот, прыбавілі, скарацілі адставанне ў 10 мячоў, завалодалі ініцыятывай, бо лік па партыях зраўняўся. Вось тады занерваваўся галоўны трэнер мінчан і адначасова маладзёжнай зборнай Беларусі А. В. Кавалёў, бо толькі ў выпадку паўторнай перамогі яго падапечныя выйгравалі “золата”.

Гасцям удалося ўзмацніць гульню на блоку, выцягнуць шэраг безнадзейных мячоў і дабіцца пастаўленай мэты. Паўторны паядынак у Оршы пачаўся пазней, аршанцы ўпэўнена перамаглі гамяльчан з лікам 3:0 і тым самым дапамаглі нашай камандзе фінішаваць на трэцім месцы. Да такога дасягнення пастаўскі “Атлант” прывялі трэнеры Г. Г. Савосін, М. С. Рамейка, П. А. Вавінскі і валейбалісты Д. Аксёненка,
В. Бельскі, Д. Захарэвіч, В. Колтун, М. Шкляр, Д. Шышко, П. Марцінкевіч, М. Фітковіч, А. Русак,
Я. Сакалоўскі, Я. Артамонаў, А. Казлоўскі, С. Шатэрнік, Ю. Рабека, Д. Грыневіч, П. Лукін, А. Шні­тоўскі. Бронзавыя медалі ім уручаць на туры ў Паставах напрыканцы сакавіка за выніковыя 11-13 месцы з удзелам гомельскай “Энергіі” і “Праменя” (Магілёў). Мінчане з аршанцамі прадоўжаць барацьбу за 7-10 месцы ў чэмпіянаце Беларусі па валейболе на двух турах у Магілёве і Мінску таксама без уліку раней набраных ачкоў.

Уладзімір ШЫК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.