Зусім не дробязь

Сельское хозяйство

З 1 снежня 2017 года па 1 красавіка 2018-га рэспубліканскім камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу праводзіцца рэспубліканская акцыя «Наш жывёлавод».

У яе рамках Пастаўскі райкам прафсаюза работнікаў АПК арганізаваў спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення за дасягненне найвышэйшых надояў у зімова-стойлавым перыядзе. Яго пераможцы адзначаюцца Дыпломамі ўп­раў­лення сельскай гаспадаркі і райкама прафсаюза і грашовымі прэміямі. Па выніках за кастрычнік — снежань Дыпломам першай ступені адзначана Рэната Мар’янаўна Махрэцкая (на здымку) з ААТ «Кураполле-агра».

— Я вельмі разгубілася, калі на комплекс прыехалі прадстаўнікі раёна і кіраўніцтва нашай гаспадаркі, сабралі ўсіх жывёлаводаў у чырвоным кутку і старшыня райкама прафсаюза Аляксей Аляксеевіч Філімонаў уручыў мне дыплом і прэмію, — расказвала Рэната некалькімі днямі пазней. — Канешне, прыемна, тым больш што гэта першая мая ўзнагарода раённага ўзроўню.

А ў жывёлагадоўлі яна працуе з 17 гадоў. Спачатку на Лынтупшчыне, а з 2001 года, калі сям’я пераехала ў Кураполле, — на мясцовым комплексе.

 — Вельмі старанная і працавітая, — хваліла даярку Жанна Пятроўна Радулевіч  — галоўны ветурач, а зараз выконвае і абавязкі галоўнага заатэхніка гаспадаркі. — Як самую адказную Рэнату ў снежні мінулага года прызначылі на групу з 50 цялушак. 35 з іх ужо расцяліліся. Захаванасць цялятак амаль стопрацэнтная, бо яна глядзіць за імі, як за малымі дзецьмі. За кастрычнік—снежань надаіла ад кожнай каровы па 909 кілаграмаў малака, зараз у групе сярэдясутачны надой ад каровы перавышае 17 кілаграмаў.

Р. М. Махрэцкая ў сваю чаргу зазначае, што побач з ёй таксама стараюцца Рэната Леўша, Інара Вешчанікіна, Вера Собаль, і не без гонару дадае: «Наш невялічкі калектыў самы дружны на комплексе». Таму мне хочацца верыць, што  таварышкі па працы шчыра парадаваліся за Рэнату. Няхай сабе прэмія і невялікая — усяго 25 рублёў, але ж да яе дадалося столькі ўвагі, якой радавыя працаўнікі, скажам шчыра, зусім не спешчаныя. Так што акцыя «Наш жывёлавод» — вельмі дарэчы.

Фаіна КАСАТКІНА 
Фота аўтара


Пераможцы раённага спаборніцтва па вытворчасці малака ў зімова-стойлавы перыяд вызначаюцца па чатырох групах гаспадарак. Па выніках за кастрычнік—снежань імі прызнаны і атрымалі грашовыя прэміі і дыпломы: першай ступені — Махрэцкая Рэната Мар’янаўна (ААТ «Кураполле-агра»), другой — Балабушка Любоў Віктараўна (ААТ «Сцяг Перамогі-агра») і Раловіч Наталля Аляксандраўна (ААТ «Пастаўскі райаграсэрвіс»), трэцяй — Літвіновіч Алена Іванаўна (ААТ «Вярэнькі-агра»).



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.