Да сяўбы не так і далёка


Зіма нібыта спахапілася, што яе дні на зыходзе, і напрыканцы лютага-ў пачатку сакавіка давай пужаць моцнымі маразамі. Але як бы ні было, а прырода возьме сваё — прыгрэе сонейка і адгоніць халады, наступіць не толькі каляндарная, а сапраўдная вясна. Пра тое, якія клопаты чакаюць падчас яе земляробаў Пастаўшчыны, гутарка з намеснікам начальніка — начальнікам аддзела вытворчасці і збыту прадукцыі сельскагаспадарчай вытворчасці Марыяй Юзэфаўнай Клімёнак.

 — Марыя Юзэфаўна, узгадваю, што брала ў вас інтэрв’ю і напярэдадні мінулагодняй веснавой сяўбы. Прагнозы на ўраджай былі аптымістычныя, але крайне неспрыяльнае надвор’е перашкодзіла дабіцца запланаванага. Чаго чакаць сёлета?
— На гэтае пытанне сёння вам не адкажуць нават сіноптыкі. Але якім бы ні выдаўся год, а нам трэба вырасціць столькі сельгаспрадукцыі, каб і дзяржзаказ выканаць, і грамадскі статак забяспечыць кармамі, і засыпаць дастаткова насення. А важнейшым этапам у дасягненні намечанага з’яўляецца веснавая кампанія.

— Назавіце, калі ласка, якія аб’ёмы работ трэба будзе выканаць.
— План яравой сяўбы з улікам аднагадовых культур складае 31957 гектараў, у тым ліку зерневых і зернебабовых — 19745, рапсу — 4984, ільну — 2000, кукурузы — 5000, бульбы — 50. Структура пасяўных плошчаў сфарміравана ў адпаведнасці са спецыялізацыяй сельгасвытворчасці рэгіёна і з рашэннем абласнога выканаўчага камітэта. З улікам азімых зерневыя і зернебабовыя зоймуць 24900 гектараў, або 50 працэнтаў у структуры пасяўных плошчаў, што на 18 працэнтаў больш, чым было летась, тэхнічныя культуры (рапс і лён) — 9500 (19 працэнтаў, што на 6,5 больш, чым летась). А вось удзельную вагу кармавых культур плануецца знізіць да мінулагодняга на 24,9 працэнта. Яны павінны заняць 14978 гектараў, або 30 працэнтаў у структуры пасяўных плошчаў. А для таго, каб забяспечыць грамадскі статак травяністымі кармамі, у першую чаргу трэба павышаць прадукцыйнасць кармавых культур, у прыватнасці шматгадовых траў, удасканальваючы іх структуру і відавы склад. Плануецца, што сёлета на 6300 гектарах будзе падсеяна канюшына, на 5000 га правядзем перазалужэнне. З мэтай вырашэння бялковай праблемы пастаўлена задача расшырыць плошчы пад зернебабовыя культуры да 7470 гектараў, або 15 працэнтаў у структуры пасяўных плошчаў.

— Азімыя звычайна даюць вышэйшы ўраджай, чым яравыя. Наколькі паспяхова праведзена іх сяўба мінулай восенню?
— Паспяхова справіцца з пастаўленымі задачамі зноў жа перашкодзіла неспрыяльнае надвор’е. Азімых зерневых пасеяна ў раёне 5155 гектараў — амаль напалову менш, чым папярэдняй восенню, азімы рапс заняў 2516 гектараў. А вось зябліва ўзнята на 18025 гектарах, што на 6416 больш, чым пазамінулай восенню. Аднак і план веснавога ворыва немалы — 13932 гектары. Асабліва вялікі аб’ём работ трэба будзе выканаць у ААТ «Кураполле-агра», «Хацілы-агра», «Янавіца-агра», райаграсэрвісе.

— А што можаце сказаць пра забяспечанасць гаспадарак насеннем і ўдабрэннямі?
— Забяспечанасць насеннем яравых зерневых і зернебабовых культур па раёне складае 67 працэнтаў, ільну — 60. Для набыцця насення льну будуць выдзелены сродкі з абласнога бюджэту. Шукаем шляхі вырашэння пытання закупу насення зерневых і зернебабовых, якога не хапае 1350 тон. У адпаведнасці з тэхнала­гічнымі рэгламентамі, пад веснавую сяўбу патрабуецца 12230 тон мінеральных удабрэнняў у дзеючым рэчыве, у тым ліку азотных — 4960, фосфарных — 2020, калійных — 5250 тон. Забяспечанасць пакуль складае ўсяго 32 працэнты. Але ў пустую зямлю запраўляць насенне не бу­дзем. Разлічваем на атрыманне льготных крэдытаў, за якія і будуць набыты мінеральныя ўдабрэнні. Акрамя іх, у глебу плануецца ўнесці 388 тон арганікі.

— Ці дастаткова ў раёне тэхнікі і кадраў, каб у аптымальныя тэрміны справіцца з усім комплексам веснавых палявых работ?
— Для гэтага ёсць 410 трактароў, у тым ліку 69 энерганасычаных, 126 плугоў, 72 культыватары, 56 дыскавых барон і дыскатараў, 45 камбінаваных пасяўных агрэгатаў, 87 машын для ўнясення мінеральных удабрэнняў і арганікі. Заканчваецца рамонт трактароў і прычапнога інвентару. Разлікі паказваюць, што пры належнай арганізацыі работы такой тэхнічнай аснашчанасці будзе дастаткова, каб паспяхова выканаць усе неабходныя веснавыя работы. Што да кадраў, то не хапае 28 механізатараў (усяго іх патрэбна 351). Як і ў папярэднія гады, вяскоўцам дапамогуць гараджане — на тэхніку прыйдуць механізатары з прадпрыемстваў і ўстаноў. Адным словам, задзейнічаем усе сілы і сродкі, каб закласці надзейны фундамент пад будучы ўраджай. Толькі б не перашкодзілі непрадказальныя прыродныя «сюрпрызы».

Гутарыла Фаіна КАСАТКІНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.