Дзень сонечных дзяцей

Общество

Пад такой назвай 21 сакавіка ў раённым Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі прайшло свята, прымеркаванае да Міжнароднага дня чалавека з сіндромам Даўна.

На Пастаўшчыне да апошняга часу яго не адзначалі. Сёлетняе свята ладзілася ўпершыню. ­Удзел у ім прынялі як дзеці з Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, так і былыя выхаванцы ўстановы, якія цяпер наведваюць аддзяленне адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН. Завіталі таксама спонсары — прадстаўнікі кампаніі «Фаберлік». Разам з бацькамі асаблівых дзяцей яны дапамаглі арганізаваць салодкі стол для хлопчыкаў і дзяўчынак. Ну а пачалося ўсё з прывітальнага слова дырэктара цэнтра карэкцыі І. І. Краўчук. Іна Іванаўна прадставіла гасцей і расказала гісторыю ўзнікнення названай вышэй даты, зазначыўшы, што сярод людзей з сіндромам Даўна нямала вядомых асоб — мадэляў, кінаакцёраў, мастакоў, паколькі яны таленавітыя і актыўныя. Галоўнае — знайсці іскрынку ў кожным і дапамагчы рэалізавацца ў нашым няпростым свеце.

Прадэманстраваць свае здольнасці мелі магчымасць і ўдзельнікі святочнай праграмы, лейтматывам якой стаў пошук сонейка ўнутры сябе. Шукаць яго дапамагала вядучая — настаўнік-дэфектолаг Марына Іванаўна Андрэйчык. Разам з ёй дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў вясёлай размінцы, знаёміліся з прысутнымі, развітваліся з зімой, гуляючы ў папяровыя снежкі, адгадвалі «вясеннія» загадкі і папулярныя мелодыі, танцавалі, дэманстравалі спрыт у гульні ў боўлінг. Гаспадары — навучэнцы спецкласа Уладзік Сініца і Валера Трафімчык — падрыхтавалі вершы пра звяроў і танец «Хмарка», госці — Каралі­на Мяховіч, Маша Новікава і Саша Баглікаў — музычную сцэнку «А ты мяне кахаеш?», «Японскі танец» і фокусы. Апошнія асаб­ліва спадабаліся гледачам.

У канцы свята — а яно доўжылася не менш за гадзіну — дзеці пабудавалі дом для сонейка і зрабілі прыгожы калаж. На развітанне гасцям цэнтра ўручылі невялікія самаробныя сонейкі і ўсмешкі. Разам з гаспадарамі яны выканалі вядомую песню пра ўсмешку, пасля чаго ўсе адправіліся піць чай з салодкімі прысмакамі.

Тэкст і фота Алены ШАПАВАЛАВАЙ

Поўны матэрыял чытайце на 5-ай старонцы № 25 газеты “Пастаўскі край” ад 31 сакавіка 2018 г.

Больше фото в наших группах с соцсетях: 

Одноклассники 

 

ВКонтакте



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.