Эксклюзіўны хэнд-мэйд


З пастаўчанкай Анжалікай Эдуардаўнай Рагута я пазнаёмілася ў «Горадзе майстроў» на Міжнародным фестывалі народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік».

Зваленыя з воўны ўпрыгажэнні і прадметы гардэроба, якія прэзентавала жанчына, настолькі мяне ўразілі, што вырашыла абавязкова сустрэцца з ёй зноў, каб напісаць у газету. І вось я ў гасцях у майстрыхі. Яна дэманструе свае вырабы і расказвае, з чаго ўсё пачалося.

— Шэсць гадоў назад мне захацелася вельмі буйныя пацеркі. Стала глядзець у інтэрнэце, і аказалася, што іх можна зрабіць з воўны. Паехаўшы ў Віцебск, па недасведчанасці купіла акрыл, — усміхаючыся, успамінае мая суразмоўца. — Але пацеркі атрымаліся, і нядрэнныя. Калі знаёмыя ўбачылі іх, заказалі аналагічныя сабе, прынеслі мне воўны. Паступова пачала спрабаваць рабіць нешта іншае — і захапілася, цяпер ніяк не магу спыніцца.

Валіць Анжаліка Эдуардаўна двума спосабамі — сухім з дапамогай спецыяльнай іголкі, калі рэч невялікая, і мокрым з мылам і гарачай вадой, папярэдне раскладваючы воўну на выкрайцы, якую выразае з падкладкі пад ламінат. Працэс доўгі і працаёмкі, але вынік таго варты. Бачылі б вы, якая прыгажосць атрымлі­ваецца! Прычым зваліць можна практычна ўсё: ад пацерак, кветачак, вазачак і іншай драбязы да сукенак, пінжакоў, капелюшоў, сумак, хатніх тапачкаў і ботаў.

Зробленыя ўласнаручна рэчы майстрыха не толькі носіць сама і апранае ў іх блізкіх, але і дорыць або прадае іншым. Ёсць нават пастаянныя пакупнікі, якія цэняць арыгінальнасць і ўнікальнасць вырабаў хэнд-мэйд: аналагічную сумачку або пінжак наўрад ці ўбачыш у кагосьці яшчэ. На працягу трох гадоў разам з іншымі членамі клуба «Майстры» Дома рамёстваў «Стары млын» А. Э. Рагута выстаўляе свае работы на фестывалі ў Паставах, вазіла іх таксама на «Славянскі базар» у Віцебск, «Вішнёвы фестываль» у Глыбокае, Мядзел і Нарач.

Пры гэтым валенне — усяго толькі захапленне жанчыны. Па адукацыі яна педагог, працуе настаўнікам інфарматыкі ў першай гарадской школе. І хоць школьныя і хатнія справы — а ў сям’і падрастае пяцігадовы сынок Ільюша — адбіраюць шмат часу, заўсёды знойдзе яго на любімы занятак. Нярэдка заседжваецца за ім да позняй ночы, бо, каб толькі раскласці на выкрайцы нешта вялікае і складанае, напрыклад боты, неабходна некалькі гадзін. Але што значыць бяссонная ноч у параўнанні з цікаўнымі і захопленымі позіркамі людзей на вуліцы, якія даводзіцца лавіць на сабе, апрануўшы эксклюзіўную рэч! У такім уборы незаўважанай ніколі не застанешся.

Тэкст і фота Алены ШАПАВАЛАВАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.