Галоўнае – задацца мэтай

Общество

…І тады ўсё атрымаецца, упэўнена Вераніка Казлоўская

Заўсёды пазітыўная, гатовая выслухаць і радасці, і хваляванні субяседніка, прыйсці на дапамогу. А яе ўсмешка, здаецца, здольная растапіць нават ляднік. І ў той жа час дзелавая, адказная, ініцыятыўная, арганізаваная. Гэта ўсё яна — Вераніка Леанідаўна Казлоўская.

Вераніцы споўніцца трыццаць 15 сакавіка. Да гэтага  юбілею яна падышла з важкім багажом — мае дзве вышэйшыя адукацыі, з’яўляецца другім сакратаром райкама БРСМ, вучыцца ў магістратуры ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, а зусім нядаўна стала яшчэ і дэпутатам раённага Савета дэпутатаў па Лынтупскай акрузе.

З Веранікай даволі часта сутыкаюся па рабоце і заўсёды з цікавасцю назіраю, як яна гарыць працай, як лёгка знаходзіць агульную мову з моладдзю, з якім натхненнем расказвае пра новыя ідэі і задумы. І міжволі радуюся, што чалавек сапраўды на сваім месцы. А яшчэ прыемна бачыць, што яна не проста раздае ўказанні «падапечным», але і сама знаходзіцца ў гушчыні падзей, паказваючы прыклад: разам з маладым пакаленнем садзіць дрэвы, праполвае градкі, чысціць снег і робіць многае іншае. Добра ведае, хто чым цікавіцца, захапляецца, пра што марыць і можа «з лёту» падказаць героя для газетнай публікацыі. 

Цікаўлюся, дзе ж вытокі яе жадання і ўмення працаваць з моладдзю, адкуль арганізатарскія здольнасці.

— У мяне была цудоўная настаўні­ца нямецкай мовы (яна ж мой першы класны кіраўнік) Часлава Фёдараўна Патаровіч. У школьныя гады марыла быць падобнай да яе. Жаданне спраўдзілася — скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і хоць і не працяглы час, але выкладала замежную мову ў сваёй роднай школе ў Лынтупах. У Паставах працавала настаўніцай інфарматыкі ў гімназіі і СШ №1 (па першай адукацыі, якую атрымала ў Віцебскім тэхналагічным каледжы, я — тэхнік-праграміст), — адказвала суразмоўца. — Паспрабаваць свае арганізатарскія здольнасці яшчэ ў школьныя гады дазволіла наведванне араторыума пры касцёле, дзе нас, дзяцей, задзейнічалі ў пастаноўцы сцэнак. Пазней і сама была адным з аніматараў — з меншымі дзеткамі ставіла па святых казаннях спектаклі, шыла касцюмы.

Многае для фарміравання асобы Веранікі зрабілі бацькі. Успамінае, што яе і малодшага брата вельмі песцілі, ва ўсім падтрымлівалі, развівалі, не прымушалі да нялёгкай вясковай працы, заўсёды зыходзілі з пазіцыі, што любоўю дзяцей сапсаваць немагчыма. І мелі рацыю.

— Тата з матуляй ніколі не правяралі, ці зрабіла я хатняе заданне — давяралі. І я не магла дазволіць сабе не апраўдаць іх давер, чымсьці засмуціць, — працягвала. — Пра любую работу — у хаце, у полі, у лесе — маці гаварыла: «Прыйдзе час — навучышся». Магчыма, таму, што ўсё рабіла не з-пад палкі, а па ўласным жаданні, умею і сена парадкаваць, і ягады збіраць, і нарыхтоўкі ставіць на зіму. Апошніх раблю нават больш, чым мама і свякроў.

А ўвогуле, Вераніка ўпэўненая, што працэс развіцця чалавека бесперапынны. Таму сцвярджае, што кожны, з кім зводзіць лёс, нечаму яе вучыць, тым самым робячы ўспрыманне свету больш шырокім.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.