І рэтра-стыль, і модныя тэндэнцыі

Общество

У лютым у цырульні райбыткамбіната адбыўся першы этап конкурсу сярод цырульнікаў «Беларускі майстар-2018». Яго арганізатар — рэспубліканскі камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў.

Яшчэ да пачатку спаборніцтваў канкурсантка, звяртаючыся да аднаго з членаў журы, жартуе, намякаючы на сваю перамогу: «Стаўце ацэнкі справядліва, памятайце, хто вас стрыжэ і фарбуе». Ацаніўшы гумар, усе смяюцца і міжволі настройваюцца на пазітыўны лад.

І вось, узброіўшыся расчоскамі, шпількамі, заколкамі і іншымі неабходнымі прыладамі, канкурсанткі Аляксандра Ласкутова, Газіза Кінёва і Анастасія Ляпіліна пачынаюць «чараваць» над загадзя падабранымі і падрыхтаванымі мадэлямі (перад пачаткам спаборніцтваў дазвалялася пафарбаваць і накруціць ім валасы, зрабіць макіяж). Непасрэдна на стварэнне відовішчнай прычоскі ў фантазійным стылі адводзілася сорак хвілін. Пры гэтым мадэлі не мелі права не тое што дапамагаць цырульнікам, скажам, падаваць лак альбо заколкі, але і размаўляць з імі. У астатнім — поўны палёт фантазіі.

Час бег імкліва: не паспела я высветліць усе нюансы конкурснага адбору, паназіраць за тым, як кожны цырульнік, нібы па ўзмаху чароўнай палачкі, пераўвасабляе сваю мадэль, як пачула: «Засталося дзесяць хвілін». Гэтыя словы ўдзельніц не збянтэжылі — яны і так ужо ўносілі ў прычоскі апошнія штрыхі. А. Ласкутова выбрала прычоску ў стылі рэтра, Г. Кі­нёва назвала сваю працу «Вецер», а А. Ляпіліна стварыла вячэрні вобраз для паходу ў рэстаран. Завяршыўся конкурс дэфіле мадэляў.

Ацэньвала вынік шчыраванняў майстроў журы з ліку работнікаў райбыткамбіната. У яго склад увайшлі дырэктар Ларыса Віктараўна Федарэнка, старшыня і казначэй прафсаюзнага камітэта Ала Чаславаўна Казлоўская і Рыта Уладзіславаўна Дзеўгуць, загадчыца цырульні Тамара Аркадзьеўна Бялянка і майстар мужчынскай залы Наталля Васільеўна Пронька. Яны ўважліва аглядвалі прычоскі мадэляў: у іх не павінны былі відацца шпількі, невідзімкі, праборы. Апроч чысціні тэхнічнага выканання, звярталася ўвага і на выкарыстанне модных тэндэнцый, ступень складанасці прычоскі, цэласнасць вобраза.   

Пасля доўгіх дэбатаў і галасавання пераможцай прызнана Аляксандра Ласкутова (на галоўным здымку). Яна атрымала пуцёўку на абласны этап конкурсу і грашовую прэмію ў памеры адной базавай велічыні. Другое месца раздзялілі Газіза Кінёва і Анастасія Ляпі­ліна. Яны заахвочаны прэміямі ў памеры 0,5 базавай велічыні кожная.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ

Больше фото в наших группах с соцсетях: 

Одноклассники 

 

ВКонтакте 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.