Мама шасці ІВАНовых


7 сакавіка ў Палацы Незалежнасці ў Мінску Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным людзям краіны — тым, чыё прызванне ўпрыгожваць свет і хто павінен яго абараняць. Сярод запрошаных на ўрачыстасць была і пастаўчанка Святлана Іванова, якая нарадзіла і выхоўвае шасцёра дзяцей. Разам з яшчэ 17 беларускамі яна ўдастоена ордэна Маці.

Эмоцыі і цяпер перапаўняюць жанчыну, калі яна ўзгадвае тыя падзеі. Кажа, уразіла абсалютна ўсё: ад арганізацыі дастаўкі ў Мінск (у Паставах тэрытарыяльны цэнтр сац­абслугоўвання насельніцтва прадаставіў машыну з вадзіцелем, які давёз да Бягомля, там ужо чакаў мікрааўтобус да Віцебска, адкуль разам з іншымі ўзнагароджанымі з вобласці накіравалася ў сталіцу; такім жа чынам вярталася назад) да самой урачыстасці, якой папярэднічала экскурсія па Палацы Незалежнасці.

— Нас правялі па ўсіх залах, дзе праходзяць сустрэчы Прэзідэнта з дзяржаўнымі асобамі і іншыя важныя мерапрыемствы, усё паказалі і расказалі, — натхнёна апавядала Святлана Іванаўна, калі я завітала ў госці да Івановых. — Адчула гордасць за Беларусь і наш народ, пачуўшы, што такі велічны і прыгожы палац быў пабудаваны і здадзены ў эксплуатацыю ўсяго за 30 месяцаў, а ўсю мэблю, іншыя прадметы інтэр’ера вырабілі айчынныя прадпрыемствы ў рэкордна кароткі тэрмін. Не менш уразілі і вялізны прэзідэнцкі аркестр, які суправаджаў нас усюды: падчас экскурсіі, цырымоніі ўзнагароджвання, фуршэта, а таксама выхад страявым крокам ваеннаслужачых на ўручэнні ім пагонаў. Прызнацца, вельмі хвалявалася на ўрачыстасці, асабліва калі даведалася, што мне першай з прысутных мнагадзетных жанчын будуць уручаць ордэн Маці. Але справіцца з эмоцыямі дапамагла па-дамашняму цёплая, добразычлівая абстаноўка, якая панавала на працягу ўсяго мерапрыемства. Спадабаліся адкрытасць і душэўнасць Прэзідэнта, яго прыгожае віншаванне, прыём ад імя кіраўніка дзяржавы. Таксама нас павіншавалі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава, з якой я нават крыху пагутарыла, іншыя важныя асобы.

Гэтым жа вечарам у Паставах з віншаваннямі і тортам Святлану Іванаўну з нецярпеннем чакалі муж і дзеці. Яшчэ да яе прыезду яны перагледзелі выпускі навін па ўсіх тэлеканалах. Бачылі іх і іншыя родныя і знаёмыя, якія таксама спяшаліся выказаць свае віншаванні. Таму тэлефон у кватэры Івановых не змаўкаў да самай ночы. Шмат званкоў і паведамленняў у вайберы было і на наступны дзень, 8 сакавіка. «Я нават не паспявала ўсім адказваць», — усміхаецца жанчына.

— А ці думалі вы да замужжа, што станеце мнагадзетнай маці? — пытаюся ў сваёй суразмоўцы.

— Не, такіх планаў не было. Але я ведала, што буду нараджаць усіх пасланых мне Усявышнім дзяцей, і агаворвала гэта з будучым мужам.

Многае гэта вялікая і дружная сям’я робіць разам, ствараючы свае традыцыі. Адна з іх — сумесныя ня­дзельныя абеды пасля Імшы ў касцёле. На Каляды і Вялікдзень кожны год едуць да бабуль і дзядуляў у Навасёлкі, а на Новы год і дні нара­джэння абавязкова запрашаюць да сябе ў госці хросных бацькоў дзяцей. Увогуле, усе святы тут праходзяць шумна і весела, нягледзячы на тое, што ў доме не прынята ўжываць спіртное. І гэта яшчэ адна традыцыя Івановых.

Алена ШАПАВАЛАВА

Поўны матэрыял чытайце на 1-ай і 2-ой старонках № 21 газеты “Пастаўскі край” ад 17 сакавіка 2018 г.



1 комментарий по теме “Мама шасці ІВАНовых

  1. Молодцы! Все такие красивые и счастливые! Всем здоровья!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.