Незаменны


Вы ўпэўнены, што незаменных людзей не бывае? Галоўны інжынер адкрытага акцыянернага таварыства “Навасёлкі-Лучай” Яўгеній Вішнеўскі пераконваў мяне ў адваротным: “Такіх токараў, як Чандырын, не было і не будзе”.

Не беларускім прозвішчам многіх працаўнікоў названай гаспадаркі здзіўляцца не прыходзіцца — і 30, і 20 гадоў назад сюды, у тагачасны калгас імя Суворава, прыязджалі і заставаліся на пастаяннае месца жыхарства людзі не толькі з розных куткоў рэспублікі, але і з-за яе межаў. Прываблівалі, ды і цяпер прывабліваюць, жыллё, годныя ўмовы працы, сацыяльная інфраструктура.

У 1982 годзе абуладкавалася тут і сям’я Чандырыных, якая пераехала ў Навасёлкі з Вільнюса.

— Памянялі літоўскую сталіцу на беларускую вёску? — шчыра дзіўлюся.

— І ніколькі не шкадуем пра гэта, — пераконвалі Уладзімір Пятровіч і Ганна ­Лук’янаўна. — Тады мы толькі стварылі сям’ю, нарадзілася дачушка, а жылі ў інтэрнаце, і кватэру нам не абяцалі. А ў Навасёлках атрымалі адразу.

Уладзіміра, які ў Вільнюсе быў наладчыкам станкоў з праграмным кіраваннем на заводзе абароннай прамысловасці, прынялі токарам, Ганну — поварам у школьную сталовую. Пазней сем гадоў ён працаваў на сырзаводзе, яна — поварам у “Салаўіным гаі”. І зноў вярнуўся да такарнага станка. Работа нялёгкая, але яна спорыцца ў руках прафесіянала. Ва Ула­дзіміра Пятровіча хапае майстэрства і цярпення вытачыць любую дэталь, работу заўсёды выконвае аператыўна і якасна.

— Шкада толькі, што гады хутка збягаюць, — гаварыў мне Уладзімір Пятровіч. — Учора 59 споўнілася. Не за гарамі і пенсія…

А ад Ганны Лук’янаўны я даведалася пра яшчэ дзве даты на жыццёвым календары сям’і — 24 лютага адзначылі 38-ю гадавіну ўступлення ў шлюб, а ў гэтым месяцы спаўняецца 36 гадоў, як пераехалі ў Навасёлкі.

Цяпер Чандырыны жывуць ва ўласным доме (дзесяць гадоў назад прыватызавалі калгасны). Трымаюць такую-сякую жыўнасць, даглядаюць сад і агарод. І з радасцю сустракаюць самых дарагіх гасцей — дачку і сына, якія жывуць з сем’ямі адпаведна ў Полацку і Наваполацку і часта наведваюцца да бацькоў.

Фаіна Касаткіна
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.