Пачатак традыцыі? Дакладней, яе працяг

Местная власть

Старшыня абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарснёў і ветэрынарны ўрач-гінеколаг — аператар штучнага асемянення ААТ «Навасёлкі-Лучай» Святлана Салонінка.

6 сакавіка ў Віцебску ўшанавалі найлепшых жывёлаводаў вобласці.

У ліку запрошаных на ўрачыстасць было і восем пастаўчан.На ўрачыстасць былі запрошаны аператар па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы ААТ «Камайскі-агра» Валянціна Яркоўская, кіраўнік аддзялення «Сяргеевічы» КУСП «Дунілавічы-агра» Алена Кісялёва, брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі ААТ «Янавіца-агра» Марына Власава, ветэрынарны ўрач-гінеколаг — аператар па штучным асемяненні кароў ААТ «Навасёлкі-Лучай» Святлана Салонінка (узнагароджана Ганаровай граматай абласнога выканаўчага камітэта), кіраўнік фермы «Ляхаўшчына» КУСП «Ляхаўшчына-агра» Наталля Жойдзь і аператар машыннага даення гэтай жа фермы Людміла Казакевіч (узнагароджана Ганаровай граматай абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў агра­прамысловага комплексу), ветэрынарны ўрач Варапаеўскай участковай ветлячэбніцы Пётр Каршукоў, галоўны заатэхнік філіяла «Пастаўская райплемстанцыя» Валянціна Лакцевіч. У склад дэлегацыі ўваходзілі таксама першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Генадзій Лютынскі і старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксей Філімонаў.

Прысутных на ўрачыстасці віталі старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарснёў, намеснік міністра сельскай гаспадаркі Ігар Брыла, старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікалай Лабушаў і старшыня абласной арганізацыі галіновага прафсаюза Віктар Гутараў. Кіраўнік вобласці адзначыў, што ў жывёлагадоўчай галіне рэгіёна занята каля 15,5 тысячы чалавек, большасць з якіх жанчыны. Праца жывёлаводаў вельмі цяжкая, яе трэба паважаць, а людзям дзякаваць.

І яны атрымалі такую падзяку. «Вельмі хвалявалася, падымаючыся на сцэну і прымаючы з рук старшыні аблвыканкама грамату, — прызналася Святлана Салонінка. — Прыемна, што маю працу заўважылі і ацанілі. Гэта стане стымулам яшчэ больш старацца і дабівацца добрых вынікаў».


Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Віктар Гутараў:
— Ініцыятыва ўзнагародзіць найлепшых жывёлаводаў належыць прафсаюзу. Ідэя адразу ж знайшла адабрэнне і падтрымку ў абласной і раённых улад.


Сярод пастаўчан на абласной урачыстасці прысутнічалі ажно два прадстаўнікі не толькі з адной гаспадаркі — КУСП «Ляхаўшчына-агра», — але нават з адной фермы «Ляхаўшчына». «Асабліва парадавалася за нашу Людмілу Казакевіч, якая  за мінулы год надаіла ад кожнай каровы па 5162 кілаграмы малака (самы высокі ў гаспадарцы паказчык) і ўдастоена граматы абласнога ўзроўню, — дзялілася кіраўнік фермы Наталля Жойдзь. — А якое цудоўнае свята зрабілі для людзей! Механі­затараў штогод ушаноўваюць на дажынках, а жывёлаводы заставаліся ў цені. І вось нарэшце нас заўважылі. Усе атрымалі каштоўныя падарункі, а адзначаныя граматамі — яшчэ і шыкоўныя букеты. Паколькі ўрачыстасць праходзіла напярэдадні Дня жанчын, кожнай працаўніцы слабага, але такога працавітага полу было ўручана па ружы. Прадуманым, змястоўным і цікавым быў канцэрт, з якім выступілі студэнты Віцебскай дзяржаўнай ветакадэміі, смачным — святочны абед. Уражанні  самыя прыемныя».

Кіраўнік вобласці выказаў спадзяванне, што гэтае свята пакладзе пачатак традыцыі ўшаноўвання лепшых даярак, заатэхнікаў, ветурачоў і прадстаўнікоў іншых спецыяльнасцей. І ў той жа час узгадаў, што ў савецкія часы такая традыцыя існавала. Зрэшты, як бы там ні было — адраджаецца даўнейшая традыцыя або нараджаецца новая, — але гэта не можа не радаваць людзей працы.

Фаіна КАСАТКІНА
Фота Антона Сцяпанішчава Витебские вести»)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.