Пад ветразем музыкі

Личности

Дыплом першай ступені і статуэтку прывезла з І Адкрытага рэспубліканскага творчага конкурсу «Ветразі мары», які праходзіў у канцы лютага ў Мінску, 14-гадовая Крысціна Багушэвіч з Варапаева.

Заснавальнікам названага вышэй конкурсу з’яўляецца прадзюсерскі цэнтр Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, а старшынёй яго журы — дачка музыкантаў Анастасія Ціхановіч. І хоць музычнае спаборніцтва праводзілася ўпершыню, удзельнікаў сабралася некалькі соцень — інструменталісты, хоры, вакалісты ўсіх напрамкаў — ад джазавага да народнага. Наша Крысціна выступала ў намінацыі «Эстрадны вакал» з песняй з рэпертуару амерыканскага джазавага аркестра пад кіраўніцтвам Глена Мілера «Цягнік на Чатанугу», вядомай па кінафільме «Серэнада Сонечнай даліны». І сярод 13—15-гадовых канкурсантаў была прызнана найлепшай выканаўцай.

Кристина Богушевич (фото со страницы ВКонтакте)

За поспехам дзяўчыны стаіць вялікая работа яе самой і педагогаў Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў, дзе Крысціна шосты год займаецца па класе фартэпіяна. Практычна столькі ж часу наведвае вакальную студыю «Аніма» пры гэтай школе пад кіраўніцтвам І. В. Козел.

— Крысцінка не толькі здольная, але і вельмі старанная вучаніца, — гаварыла Ірына Валянцінаўна. — Працаваць з ёй — адно задавальненне. Пастаянна ўдзельнічае ў розных конкурсах. Так, у сакавіку мінулага года прайшла ў фінал абласнога конкурсу «Мелодыі вясны» ў Віцебску, у кастрычніку 2016-га ўзнагароджана дыпломам першай ступені Міжнароднага культурнага праекта «#BYFEST». Двойчы станавілася прызёрам фестывалю эстраднай песні «Пастаўскія зоркі». Акрамя таго, спявае ў касцельным хоры і ўдзельнічае ў вакальных конкурсах, якія арганізуюцца касцёлам.

Музыка — не проста захапленне дзяўчыны. Пасля школы яна збіраецца паступаць у Наваполацкі музычны каледж на харавое аддзяленне. Можна не сумнявацца, што ў яе гэта атрымаецца.

Алена ШАПАВАЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.