Падзяка за працу

Сельское хозяйство

Аляксей Філімонаў уручае дыплом Вользе Жэйма (ААТ «Хацілы-агра»).

Працягваецца акцыя «Наш жывёлавод», аб’яўленая Беларускім прафсаюзам работнікаў аграпрамысловага комплексу на перыяд зімова-стойлавага ўтрымання статка.

На першым яе этапе падводзіліся вынікі за кастрычнік-снежань. Работнікі ферм, якія дабіліся найвышэйшых паказчыкаў, былі адзначаны не толькі на раённым, але і на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Дыпломы і грашовыя прэміі ўручалі старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Лабушаў і галіновага абласнога — Віктар Гутараў. Па выні­ках другога этапа (студзень-люты) такую прыемную місію напрыканцы мінулага тыдня і ў пачатку бягучага выканалі першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Эдуард Януковіч і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксей Філімонаў.

Ферма «Волахі» ААТ «Хацілы-агра». Па выніках мінулага года калектыў заняў другое месца ў раёне, а Ірына Пучыла — першае ў індывідуальным спаборніцтве. Бягучы найлепш распачала Вольга Жэйма. За першыя два месяцы яна надаіла ў сярэднім ад кожнай з 50 замацаваных за ёй кароў па 1298 кілаграмаў малака. Гэта найвышэйшы паказчык у раёне. Ёй і ўручылі дыплом першай ступені і грашовую прэмію. «Абавязкова назавіце ў газеце нашу загадчыцу Алену Міхайлаўну Лаўрыновіч, — прасіла. —  Добры чалавек і талковы кіраўнік, заўсёды адчуваем яе падтрымку».

Наталля Новікава (ААТ «Ярэва-агра»).

Далейшы маршрут прадстаўнікоў раёна — на ферму «Мольдзевічы» ААТ «Ярэва-агра». Прыехалі і дырэктар таварыства, галоўны заатэхнік, сабраўся калектыў. Віноўніца імправізаванай урачыстасці — Наталля Новікава —  прызнана пераможцай сярод жывёлаводаў чацвёртай групы гаспадарак і адзначана Дыпломам райкама прафсаюза і ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. У жывёлагадоўлі не навічок, але ў Мольдзевічах працуе ўсяго некалькі месяцаў. Яе сям’я пераехала ў гаспадарку з Андрон, атрымала тут жыллё. Пасля ўзнагароджання прызналася: «Прыемна атрымаць такую адзнаку на новым месцы работы. Буду старацца яшчэ больш».

Іна Тамко (СП «Ляхаўшчына-агра»).

35 гадоў стажу ў жывёлагадоўлі ў Іны Тамко з сельгаспрадпрыемства «Ляхаўшчына-агра». Вопыту, старання і настойлівасці жанчыне не пазычаць, таму і дабі­ваецца добрых паказчыкаў. Па выніках за студзень-люты атрымала самы высокі надой ад каровы сярод даярак гаспадарак, якія ўваходзяць у другую групу. На ляхаўшчынскай ферме ў бытавым пакоі сабраліся спецыялісты і радавыя працаўнікі, каб раздзяліць з узнагароджанай хвіліны радасці.

Сярод жывёлаводаў гаспадарак другой групы адзначана і даярка фермы «Сухарышкі» ААТ «Янавіца-агра» Валянціна Цвяткова.

Эдуард Януковіч і Аляксей Філімонаў не толькі ўручылі дыпломы і грашовыя прэміі, але і шчыра пагутарылі са спецыялістамі і жывёлаводамі, расказалі пра развіццё галіны ў раёне, пацікавіліся наяўнасцю кармоў на фермах, арганізацыяй і ўмовамі працы.

Тэкст і фота Фаіны КАСАТКІНАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.