Пакінулі Падмаскоўе дзеля …Парыжа

2018 год — Год малой радзімы Общество

Хто не марыць жыць у Маскве ці Падмаскоўі? Барыс Васільевіч і Лілія Грыгор’еўна Аўчыннікавы таксама збіраліся пакараць сталіцу былога Савецкага Саюза. І магчымасць у іх была. А ўрэшце прывабіў …Парыж. Ды не французкі, а беларускі — радзіма жонкі.

Беларусь прыняла як сына

Барыс Васільевіч нарадзіўся ў Расіі, каля Вялікіх Лук. Пасля заканчэння сярэдняй школы крыху вагаўся, якую спецыяльнасць выбраць. Любіў чыгунку. На ёй працавалі многія з радні. Захапляўся хіміяй. Дзядзька не тое што рэкамендаваў ісці вучыцца на ўрача, а пасадзіў на «Яву» і завёз у Віцебскі медыцынскі інстытут. На ўступных экзаменах Барыс атрымаў тры пяцёркі і чацвёрку і быў залічаны на вучобу. Па размеркаванні трапіў ва Удзела Глыбоцкага раёна. Ні разу не пашкадаваў пра выбар прафесіі.

— З першага дня вяскоўцы прынялі мяне як сына, — успамі­наў. — І мне тут усё прыйшлося да душы: вёска, бальніца, персанал і нават пацыенты.  У святы ў мясцовым касцёле муж медсястры граў на аргане. Яго гучанне — такое замілаванне! Ва Удзеле сустрэў сваё каханне-лёс — Лілія працавала тут акушэркай. Праз пэўны час закончыў дадатковыя курсы пры медінстытуце, і мяне накіравалі ў ваенную часць у Падмаскоўі. Там нарадзі­лася дачушка. Ваенныя на адным месцы доўга не затрымліваюцца, былі перадумовы, што можам трапіць на Далёкі Усход. Іншы варыянт — зачапіцца ў Маскве, але мая Грыгор’еўна не ўяўляла жыцця без радзімы. Ды і мне бліжэй была работа з вяскоўцамі, чым з ваеннымі.

І Аўчыннікавы пакінулі Падмаскоўе дзеля Парыжа, які ў той час называўся Навадруцкам. Сям’і выдзелілі жыллё, Барыса Ва­сільевіча прызначылі ўрачом, які адказваў за жыцці больш чым трох тысяч вяскоўцаў.

— Хуткая дапамога тады мой участак не абслугоўвала, — расказваў. — Выклікалі мяне. У любы час сутак, у любое надвор’е спяшаўся на дапамогу. Часам не спіцца ноччу — збяруся і пайду ў бальніцу паглядзець, як там мае пацыенты. Месцаў не хапала, здаралася, па два чалавекі на адным ложку ляжалі. Але ніхто не скардзіўся, толькі дзякавалі за лячэнне.

І сельскую гаспадарку палюбіў

Лёс павярнуўся ў іншы бок, калі Б. В. Аўчыннікаву прапанавалі перайсці ў амбулаторыю Варапаеўскай дыстанцыі пуці. Усплылі дзіцячыя мары пра чыгунку, і ён пакінуў Навадруцкую бальніцу. Пасля Варапаева 17 гадоў адпрацаваў у Круляўшчынскай амбулаторыі. Але месца жыхарства не памяняў. Штодня дабіраўся на работу цягніком і вяртаўся ў на­дзейны сямейны тыл. Асабліва любіў праводзіць час з цесцем. Ён — салдат польскай арміі, перажыў палон, у няволі навучыўся такарскай справе. Умудроны жыццёвым вопытам, здольны да любой работы, расказваў шмат цікавага і свае майстэрскія навыкі ахвотна перадаваў зяцю.

— Барыс на той час нічога цяжэйшага за танометр і шпрыц у руках не трымаў, — крыху з жартам расказвала Лілія Грыгор’еўна. — А тата быў выдатным токарам, ды і ўвогуле ГАСПАДАРОМ. Навучыў зяця ўпраўляцца з касой, лапатай і іншым сельгасінвентаром.

Анна АНІШКЕВІЧ

(Працяг матэрыяла чытайце на 3-яй старонцы № 23 газеты “Пастаўскі край” ад 24 сакавіка 2018 г.)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.