Працаўніца і акуратыстка

Личности

“Еду віншаваць з 90-годдзем цудоўную жанчыну — Валянціну Яўгеньеўну Альсевіч. Хочаце, пазнаёмлю?” — прапанавала мне на днях старшыня Валкоўскага сельскага Савета Т. Б. Баторы.

Згадзілася з радасцю. І вось разам з Таісай Браніславаўнай і загадчыцай мясцовага фельчарска-акушэрскага пункта Ларысай Іванаўнай Маслоўскай пад’язджаем у Валках да дома нумар 30 па вуліцы Цэнтральнай. Звяртаю ўвагу на шыльду на ім “Дом узорнага санітарнага парадку”. “Наша Яўгеньеўна — вялікая працаўніца і акуратыстка, — каменціруе старшыня сельскага Савета. — Парадку, які яна вядзе дома і ў двары, на агародзе, могуць пазайздросціць многія маладыя. Яшчэ нават з пчоламі ўпраўляецца. Паглядзіце, колькі вулляў стаіць”.

Сама гаспадыня ацэньвае сябе больш сціпла: “Не расхвальвайце мяне, Браніславаўна. Што я адна змагла б? Дзякуй вам за пастаянную ўвагу і падтрымку. А як сочыць за маім здароўем Ларыса Іванаўна! Часта прыязджае з Глыбокага і ва ўсім дапамагае дачка. Пастаянную ўвагу маю таксама ад унука, пляменніцы. Прыходзіць сацыяльны работнік. Але і сама не магу сядзець без справы, асабліва летам. Як толькі лепш сябе адчуваю, так і знаходжу нейкі занятак. Люблю, каб усюды было чыста і акуратна”.

Так і ёсць. У хаце — ідэальны парадак. На стале раскашуюць букеты руж і хрызантэм (хіба магчыма ўявіць такі юбілей без кветак?). Гаворым кампліменты імянінніцы: каб практыкаваліся мадэлі такога ўзросту, прайшла б нават без конкурсу — худзенькая, жвавая, з роўнай постаццю. “Зноў вы мяне хваліце, — усміхаецца Яўгеньеўна. — Але паглядзіце на твар — на ім карта ўсёй Беларусі намалявана”, — жартуе, маючы на ўвазе маршчынкі. Ну як жа без іх у 90? Толькі яны зусім не псуюць абаяльнасці жанчыны і ў такім паважаным узросце. А ў дзявоцтве Валянці­на, напэўна, была першай прыгажуняй у Валках.

Пераглядваем ранейшыя і цяперашнія фатаграфіі. Адзначаем, што на кожнай Яў­геньеўна ў модным і прыгожым уборы. “Я добра шыла, вязала, ткала, — расказвала яна. — А якой жняёй была! Па 30 сотак за дзень выжынала. І з канём не горш за мужчын упраўлялася — ха­дзіла за плугам, бараной. Шалёная да работы… У Валках было 18 хлопцаў і 22 дзяўчыны. Хоць і цяжка працавалі, але жылі весела. Вы чуеце цяпер у вёсках песні? А мы пяялі. Сядзем абедаць у полі — пяём, вяртаемся з работы — пяём. Я і цяпер 70 песень з таго часу помню”.

 Зараз Валянціна Яўгеньеўна спявае толькі падчас службы ў царкве. “Царква — мой другі дом, — кажа. — Вера — найвялікшая сіла ў жыцці. Я ў 6-ці манастырах і ў 42-х цэрквах пабывала. А цяпер іншы раз здаецца, што не хопіць сіл службу выстаяць. Але іду ў царкву, малюся, і ў мяне прыбаўляецца здароўя”. Дарэчы, з нагоды свайго 90-годдзя прыха­джанка зрабіла ахвяраванне ласіцкай царкве — купіла і падарыла вялікі і вельмі прыгожы пазалочаны крыж коштам каля 300 рублёў. А ў царкве адслужылі малебен за яе здароўе.

— А не плануеце пераехаць да дачкі ў Глыбокае? Там і царква бліжэй, — пытаюся ў жанчыны.

— Пакуль ёсць хоць крыху сіл — не паеду. І дачка ў мяне добрая, і ўмовы ў яе цудоўныя. Але што мне рабіць у горадзе? Сядзець ля тэлевізара? Дык я яго не люблю. Застаецца ляжаць у ложку або хадзіць ад акна да акна. У дачкі буду адчуваць сябе госцяй, а тут я — гаспадыня. Гэты дом мы з мужам (муж памёр пяць гадоў назад — аўт.) сваімі рукамі пабудавалі. Тут жа кожнае бервянцо і кожная дошчачка мне дарагія. Ведаеце, як сваё грэе?

Калі мы ўжо развітваліся, Валянціна Яўгеньеўна папрасіла: “Не пішыце пра мяне многа. Я пражыла такое ж жыццё, як і ўсе з таго пакалення”.

Удакладняю: цяжкае, але сумленнае і прыгожае жыц­цё. І жадаю шаноўнай юбілярцы яшчэ шмат гадоў і добрага здароўя.

Фаіна КАСАТКІНА
Фота аўтара



1 комментарий по теме “Працаўніца і акуратыстка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.