Раскрылі таленты ва ўсёй іх разнастайнасці

Общество

І. Каралёва з пераможцай конкурсу Г. Кундро.

Якім павінен быць маладзёжны лідар, чым захапляцца, пра што марыць, да чаго імкнуцца? Адказы на гэтыя пытанні прагучалі падчас першага, раённага, этапа конкурсу на лепшага лідара пярвічкі БРСМ «Лідар — новае пакаленне», які адбыўся трэцяга сакавіка ў актавай зале СШ №3.

Удзел у творчым спабор  ніцтве прынялі Яна Падлецкая (гімназія), Данііл Гарошка (СШ №1), Ганна Кундро (СШ №3) і Эвеліна Навумчык (СШ №5). Кожны з іх прадставіў дзейнасць сваёй пярвічнай арганізацыі, пазнаёміў з асабістымі поспехамі і дасягненнямі, прадэманстраваў пачуццё гумару, арыгінальнасць і вынаходлівасць. Інакш кажучы, раскрылі свае таленты ва ўсёй іх разнастайнасці.

На першым этапе конкурсу лідары разам з групамі падтрымкі (у іх склад павінна было ўвайсці не больш за пяць чалавек) прадставілі на суд гледачоў і журы самапрэзентацыю «Я — валанцёр». У вершах, песнях, сцэнічных пастаноўках, дзесьці нават жартоўных, моладзь расказала, якім ёй уяўляецца лідар-валанцёр, пра свой светапогляд і грамадзянскую пазіцыю, удзел у жыцці школы і раёна.

Творчы падыход да раскрыцця загадзя вызначанай тэматыкі, аратарскае майстэрства, агульную эрудыцыю і логіку канкурсанты прадэманстравалі ў інтэрактыўнай гульні «Дэбаты». Падчас яе маладзёжныя лідары на працягу хвіліны разважалі на тэму «Мая малая Радзіма». Якіх толькі прыгожых і паэтычных слоў ні прагучала ў адрас нашай Пастаўшчыны! Яна і блакітнавокая, і край паркаў, касцёлаў і азёр, і любая сэрцу, і толькі адзі­ная. А галоўнае — моладзь усведамляе, што ад нас саміх залежаць яе развіццё і росквіт.

На наступным этапе — творчай абароне праектаў «Погляд у будучыню» — удзельнікі з дапамогай слайдаў прэзентавалі сацыяльныя праекты, распрацаваныя і рэалізаваныя імі ў рамках дзейнасці БРСМ. Гімназісты і навучэнцы СШ №1 зрабілі акцэнт на дабрачыннасці. Яны расказалі пра сваю дапамогу сацыяльна неабароненай катэгорыі нашага грамадства, асноўная частка якой накіравана на маральную і матэрыяльную падтрымку дзетак з прытулку Сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Іх равеснікі з СШ №3 і №5 выбралі сваім полем дзейнасці прапаганду і папулярызацыю здаровага ладу жыцця, правільнага харчавання, прафілактыку шкодных звычак. А дапамагаюць рэалізаваць гэты кірунак разнастайныя акцыі, спартыўныя мерапрыемствы, турыстычныя паходы, выпуск буклетаў і іншае.

Завяршыліся спаборніцтвы выступленнем дуэтаў «Лідар-сюрпрыз», у склад якіх увайшлі канкурсанты і іх педагогі. Выступленні парадавалі артыстычнасцю, задорнасцю і сур’ёзнасцю ўзнятых пытанняў. Палова ўдзельнікаў зрабілі стаўку на ўзаемадзеянне з глядацкай аўдыторыяй: яны прапаноўвалі разам з імі праінсцэніраваць песню, развучыць «фірменныя» апладысменты, чым вельмі ажывілі залу. Асабіста мне больш за астатнія нумары спадабалася «ток-шоу», на якім абмяркоўвалася залежнасць моладзі ад сучасных лічбавых тэхналогій, а таксама, як яе пазбегнуць.

Ацэньвала выступленне лідараў і іх каманд журы. У яго склад увайшлі метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Аляксандраўна Танана, арганізатар культурна-масавых мерапрыемстваў Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна Таццяна Анатольеўна Карпава, першы сакратар і галоўны бухгалтар раённага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Іна Аляксандраўна Каралёва і Алена Станіславаўна Цімашэнка. Перамогу яны прысудзілі Ганне Кундро. Другое месца заняла Эвеліна Навумчык, трэцяе — Данііл Гарошка. Прызёры ўзнагароджаны граматамі і салодкімі падарункамі — тартамі, а прадстаўніца СШ №3 — яшчэ і Кубкам. Падзяку ад арганізатараў конкурсу атрымала Яна Падлецкая.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ

Больше фото в наших группах с соцсетях: 

Одноклассники 

 

ВКонтакте 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.