Рыбка — проста аб’ядзенне


Майстар Жанна Шчановіч і аператар тэрмічнай апрацоўкі Віктар Шчановіч.

Менавіта такую выпускаюць у рыбным цэху Пастаўскага райспажыўтаварыства

Да нядаўняга часу да рыбы адносілася раўнадушна. А пабывала ў рыбным цэху — і меркаванне змянілася. Пераступіўшы парог, адразу ўдыхнула прыемны спецы­фічны пах. Прыветна сустрэла майстар Жанна Аляксееўна Шчановіч. Яна тут працуе 18 гадоў. За гэты час апрабавала мноства рэцэптаў прыгатавання рыбы.

— Найбольш часу займае халоднае вэнджанне натуральным шляхам, — гаварыла. — Ад дэфрастацыі (размарожванне ў солевым растворы — аўт.) да атрымання прыгожай і смачнай вэнджанай рыбкі праходзіць сем дзён. Яна спачатку соліцца ў спецыяльным расоле, затым вымочваецца, выраўноўваецца, наколваецца на металічныя пруцікі і трое сутак знаходзіцца ў вяндлярнай устаноўцы, якая працуе на дрывах і пілавінні. 48 гадзін траціцца на засольванне селядцоў. А вось рыбу гарачага вэнджання можна прыгатаваць усяго за 3 гадзіны. Для гэтага выкарыстоўваецца электрапеч. Ад тлустасці рыбы залежаць пасол, вяленне, вэнджанне. Захаванне тэхналогіі — гарант смачнага і якаснага прадукту.


За мінулы год выпушчана больш за 20 тон рыбнай прадукцыі.

За студзень бягучага года — амаль 2 тоны.


Рыбны асартымент тут шырокі. Перапрацоўваецца рыба як з мясцовых азёр (краснапёрка, лешч, шчупак), так і марская (скумбрыя, салака, селядзец, мойва, гарбуша). За мінулы год выпушчана больш за 20 тон рыбнай прадукцыі. За студзень бягучага года — амаль 2 тоны на агульную суму 12500 рублёў. У рыбным цэху працуюць толькі два чалавекі: майстар і аператар тэрмічнай апрацоўкі Віктар Шчановіч. Яны ж фасуюць гатовую прадукцыю, маркіруюць яе і адпраўляюць у халадзільнік. Адтуль вядзецца рэалізацыя па гандлёвых кропках горада, раёна і за яго межы.

— Збыт ёсць, — працягвала Ж. А. Шчановіч. — Пакупнікі ацанілі прадукцыю нашага цэха. Пры засолцы, марынаванні мы не выкарыстоўваем кансервантаў, фарбавальнікаў, загушчальнікаў, усё толькі натуральнае і экалагічна чыстае. Рэцэпты — традыцыйныя, апрабаваныя. 

Пішу гэтыя радкі, а перад вачыма тлусты салёны селядзец і такі ж сакавіты і залацісты гарачага вэнджання. Нават адчуваю яго водар, а таксама вяленай салакі, вэнджанага бурштынавага карпа з навінкаўскіх вадаёмаў. Адна справа бачыць рыбную прадукцыю ва ўпакоўцы, іншая — удыхнуць яе свежы водар. Цяпер, зайшоўшы ў магазін, магу беспамылкова вызначыць, якая рыба паступіла сюды з Пастаўскага райспажыўтаварыства. І не ўтрымаюся — куплю. Ды і вам, паважаныя чытачы, рэкамендую.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.