Шахматы – гэта творчасць

Общество

Для ўраджэнца Украіны Анатолія Васільевіча Салацінскага Беларусь стала другой радзімай — з 1980 года яго лёс звязаны з Паставамі. Маёр запасу, педагог дадатковай адукацыі раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, кіраўнік шахматнага клуба «Віцязь», кандыдат у майстры спорту па шахматах і проста цікавы, захоплены чалавек. З ім наша гутарка.

— Паколькі прадстаўляю вас як кіраўніка шахматнага клуба, то і размову пачнём з шахмат. Як прыйшло захапленне імі? 
— Як і ва ўсіх дзяцей. Пачынаў гуляць з татам у шашкі, але не спадабалася. Пераключыліся на шахматы. Спачатку тата заўсёды абыгрываў, але працягвалася такое нядоўга. Напэўна, ад прыроды была ў мяне схільнасць да шахмат, бо, калі споўнілася ўсяго 8 гадоў, ужо абыгрываў дарослых. Наша сям’я жыла ў шахцёрскім гарадку. Шахцёры ў вольны ад цяжкай працы час адсыпаліся, а потым адпачывалі ў альтанках, гулялі ў даміно, шахматы. Спачатку я толькі назіраў за імі, а калі запрасілі далучыцца, то вельмі ўразіліся маімі здольнасцямі. Неўзабаве пазнаёміўся з падлеткам, які ўмеў чытаць шахматныя кнігі. Ён навучыў гэтаму і мяне. Затым займаўся ў шахматным гуртку пры ДТСААФ.

— Вашы поспехі ў шахматах?
— Ужо ў дзесяць гадоў быў дастаткова вядомым шахматыстам у раёне. Усяго за адзін год выканаў чацвёрты, трэці і другі разрады. А ў дваццаць гадоў стаў кандыдатам у майстры спорту. На працягу дваццаці гадоў займаўся гульнёй па перапісцы. Кожны турнір мог доўжыцца не адзін год, а яго ўдзельнікаў набіралася чалавек пятнаццаць па ўсім СССР. Здаралася, што адначасова атрымліваў і па тры, і па пяць картачак з шахматнымі хадамі. Ся­дзеў і ламаў над імі галаву. Гульня па перапісцы не толькі захоплівала, але і прыносіла знаёмствы з цікавымі людзьмі, некаторыя запрашалі ў госці, і я з імі сустракаўся. Заняў трэцяе месца ў першынстве Адэскага шахматнага клуба, а гэты клуб быў найлепшым арганізатарам на ўсёй савецкай прасторы. У 1998 годзе стаў чэмпіёнам Беларусі ў шахматнай гульні па перапісцы і выйшаў у паўфінал першынства свету. Атрымаў афіцыйнае запрашэнне, але з-за сямейных абставін адмовіўся ад удзелу. Арганізатары былі вельмі здзіўлены гэтым, прагназавалі, што я мог бы выканаць норму  майстра міжнароднага класа. Сам пра гэта не шкадую, бо шахматы забі­ралі вельмі шмат часу, а ў жыцці ёсць нямала іншых цікавых спраў.

 

— Раскажыце, калі ласка, пра дзіцячае аб’яднанне, якое ведзяце ў раённым Цэнтры дзяцей і моладзі.
— У цэнтры працую ўжо 18 гадоў. Штогод у гурток прыходзіць ад 30 да 40 дзяцей. У першы год пачынаем з нуля — расказваю хады, правілы гульні, дзеці пастаянна рашаюць лагічныя задачы. На другі год яны авалодваюць прыёмамі шахматнай гульні. Дарэчы, у Расіі шахматы ўведзены як абавязковы прадмет навучання на факультатыўных занятках, з мінулага года пачалі практыкаваць гэта і ў Беларусі. Карыстаюся расійскай праграмай і пастаянна прыўношу ў яе штосьці сваё. На кожнага навучэнца вяду асобную папачку, у якую заношу справаздачу аб выкананні заданняў. На трэці год застаюцца самыя захопленыя гурткоўцы, тыя, хто жадае займацца індывідуальна ў спартыўным плане. І гэта можа працягвацца па некалькі гадоў. Напрыклад, Дзяніс Бучаль, займаўся ў мяне ажно адзінаццаць гадоў — яму было цікава ўдасканальваць сваё майстэрства. Многія паказваюць добрыя вынікі. У 2009 годзе каманда пастаўчан у складзе Дзяніса Бучаля, Аляксандра Гутара, Ільі Глазава, Яны Шаламіцкай, Кацярыны Дунец стала чэмпіёнам вобласці. Яна Шаламіцкая тры гады запар лідзіравала ў асабістых спаборніцтвах на першынстве вобласці. Ева Іванова летась стала чэмпіёнкай вобласці, а сёлета заняла другое месца. У раёне дзейнічае шахматны клуб «Гамбіт», які аб’ядноўвае 17 чалавек. Раней ім кіраваў я, зараз — Юрый Катовіч. Хачу адзначыць сваіх былых навучэнцаў Аляксандра Сямёнава, Віктара Лекарэвіча, Аляксандра Таразевіча, Дзмітрыя Стахоўскага і іншых. 25 чалавек гуляюць у першынстве раёна, а вось на першынство вобласці пакуль не рашыліся.

— Што даюць чалавеку шахматы?
— Шахматы — гэта творчасць. Яны вучаць планаваць свае дзеянні, выпрацоўваюць адказнасць за іх. Шахматная партыя — як пражытае жыццё. Вы робіце ў жыцці нейкія хады, а яно падкідвае вам нечаканыя цяжкасці (у шахматах іх стварае сапернік). І трэба думаць, як пераадолець. Развіваюцца стойкасць, уменне годна прыняць паражэнне і знайсці шляхі дасягнення перамогі. Прыемна, калі прыдумваеш і праводзіш нейкі цікавы план, выйграеш партыю, а сапернік заключае: «Прыгожа мяне абыграў».

— Расійскі тэлежурналіст Барыс Карчэўнікаў у завяршэнне кожнай сваёй аўтарскай праграмы «Лёс чалавека» задае героям адно і тое ж пытанне: «Што вы напісалі б у пісьме сабе маладому?» Дазвольце, і я адрасую вам такое ж.
 — Думай пра агульную карысць. Любі тое, што робіш. Вер у сябе і ніколі не адчайвайся. Будзь удзячны за ўсё, што з табой адбываецца.

Гутарыла Фаіна Касаткіна
Фота аўтара

Поўны матэрыял чытайце на 3-яй старонцы № 24 газеты “Пастаўскі край” ад 28 сакавіка 2018 г.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.