Спадчына ў фота і рамёствах


Дырэктар Дома рамёстваў Т. М. Петух праводзіць экскурсію для першых наведвальнікаў выставы.

У канцы лютага ў Доме рамёстваў «Стары млын» адкрылася выстава, прысвечаная 20-годдзю ўстановы, — юбілей яна адзначыць 14 чэрвеня. Так арганізатары пачалі цыкл выстаў, якія будуць знаёміць пастаўчан з работай «млына».

На самай справе ў той дзень адбылося адкрыццё не адной, а адразу дзвюх выстаў. Першая — фотаздымкаў пад назвай «Спадчына забытых вёсак», аўтарамі якой з’яўляюцца пастаўскія фатографы Рыта Шылей і Андрэй Мацур, — размясцілася ў малой зале Дома рамёстваў і расказвае пра паселішчы, што паступова знікаюць з твару раёна. Другая, у вялікай зале, — вынік працы работнікаў названай вышэй установы, прэзентацыя створанага імі на працягу двух дзесяцігоддзяў. Здавалася б, што аб’ядноўвае гэтыя экспазіцыі? Аказваецца, многае. І ў першую чаргу агульная крыніца — вёска, дзе шукалі натхненне і сюжэты фотааматары і дзе ўзніклі народныя рамёствы, якія цяпер працягваюць майстры «Старога млына».

А. Мацур.

— Я сам нарадзіўся і вырас у вёсцы, — гаварыў на адкрыцці Андрэй Мацур. — І тое, што зараз многія з іх паміраюць, не можа мяне не хваляваць. Над тэмай знікаючых вёсак працаваў каля трох-чатырох гадоў. Як высветлілася, паралельна гэтым займалася і Рыта, наведваючы тыя ж паселішчы і дамы, у якіх быў я. Атрымалася: калі яна не звяртала ўвагі на нейкія элементы інтэр’­ера і быту, іх здымаў я або наадварот. Пагаварыўшы, мы вырашылі зрабіць агульную выставу і паказаць рэчы, пакінутыя людзьмі. А праз іх — расказаць пра вёсачкі, якія мяняюцца не ў лепшы бок, пра тое, як раней жылі людзі, што для іх было каштоўным і дарагім.

Выстава фотаздымкаў арганічна дапоўнена дыванамі і посцілкамі, якія калісьці ткаліся ў вясковых дамах. І калі ў гэтай зале прадстаўлены арыгінальныя вырабы, то ў суседняй — рэканструяваныя і рэстаўраваныя, выкананыя ў самых розных тэхні­ках. Тут і габелены (у тым ліку тыя, якія раней не экспанаваліся), і тканыя ручнікі і паясы, і традыцыйныя народныя касцюмы, адноўленыя па звестках, здабытых у вясковых бабуль, вышываныя карціны і кашулі, вялікая калекцыя лялек, маляваныя дываны, кераміка, аплікацыя і пляценне з саломкі, абрэзкавае шыццё і іншае. Колькасць і разнастайнасць работ, як і іх аўтараў, уражвае. Сярод апошніх —  як цяперашнія, так і былыя майстры Дома рамёстваў: Т. М. Петух, В. М. Гукава, А. А. Касенка, А. В. Крывенькая, Ю. А. Калядзіна,  А. А. Зайцава, К. М. Брэская,  В. А. Сафонава, Ж. В. Глабенка, Г. П. Танана, Р. П. Кузьміч, М. І. Ананьева, Г. І. Дробышава, А. С. Парневіч, А. Э. Апухціна, Г. Т. Палкіна.

Увогуле, паглядзець ёсць што. Таму не ўпусціце магчымасці, абавязкова прыходзьце ў «Стары млын», каб бліжэй пазнаёміцца з яго творчасцю. Выстава будзе працаваць да пачатку красавіка.

Тэкст і фота Алены ШАПАВАЛАВАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.