Спартыўны калейдаскоп

Спорт

У эліце беларускага валейбола, дыві­зіёне “А” вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі, зараз гуляюць адразу шасцёра выхаванцаў пастаўскай ДЮСШ. З іх па выніках папярэдняга этапа ў скла­дзе “Шахцёра” (Салігорск) найбольш удала выступіў Яўген Воінаў і дапамог клубу заняць 2-е прамежкавае месца. У складзе леташняга бронзавага прызёра — барысаўскага “БАТЭ-БДУФК” — гуляюць трое пастаўчан — А. Рабека, А. Вярбіцкі і А. Лабуць, іх клуб пакуль зноў трэці. Віцебскае “Марка-ВДТУ” з распасоўшчыкам Уладзімірам Юзвовічам ідзе на 5-м месцы і прадоўжыць барацьбу за медалі. Мінскі “МАПІД” з Паўлам Дзеравянкам у фінальным этапе будзе змагацца за 7-10 месцы з ВК “Магілёў”, “РДВАР” (Мінск)  і “Узлёт” (Орша). Пастаўскі “Атлант” на сваёй пляцоўцы прыме неўзабаве турнір трох каманд за выніковыя 11-13 месцы.

* * *

Пасля заканчэння вучэбна-трэніровачнага збору ў Турцыі ФК “Віцебск” заключыў прафесійны кантракт яшчэ з адным выхаванцам Пастаўскай акадэміі футбола, 20-гадовым паўабаронцам Ільёй Кухарчыкам. Раней ён правёў 40 матчаў за дубль “БАТЭ” (Барысаў) і забіў 6 мячоў, згуляў у шасці сустрэчах за маладзёжную зборную Беларусі. У мінулым годзе Ілья выступаў на правах арэнды за каманду 1-й лігі “Баранавічы”, а ў 28 праведзеных паядынках вызначыўся пяць разоў. Разам з ім у асноўным складзе будзе гуляць у чэмпіянаце Беларусі і экс-пастаўчанін Аляксандр Александровіч.

* * *

Актыўна рыхтуецца да сезона наваполацкі “Нафтан”, які летась апусціўся ў 1-ю лігу і паспрабуе вярнуцца ў элітны дывізіён. У вырашэнні гэтай задачы новапалачане разлічваюць на дапамогу двух былых ігракоў ПМЦ Івана Беразуна і Мікіты Кастамарава, якіх ім з мэтай набыцця большай гульнявой практыкі перадаў у арэнду ФК “Віцебск”. Кампанію можа скласці і 19-гадовы пастаўчанін Арцём Цітовіч, які  летась гуляў у дубліруючым складзе “Нафтана” і заняў з ім 11-е месца сярод 16 клубаў-рэзервістаў вышэйшай лігі.

* * *

Былы 28-гадовы нападаючы пастаўскага ПМЦ Ягор Зубовіч удала пачаў сваю міжнародную кар’еру. У чэмпіянаце Малайзіі па футболе за сваю новую каманду “Мелака Юнайтэд” у першых двух матчах ён правёў 3 галы і аддаў галявы пас. У склад юніёрскай зборнай Беларусі да 18 гадоў зноў выклікалі экс-пастаўчаніна Ілью Васілевіча для правядзення двух выязных спарынгаў з аднагодкамі са зборнай Чарнагорыі. Старэйшы за яго на год калега па амплуа, лідар атакі гарадской каманды “Паставы-ПМЦ” Раман Пасевіч пасля прагляду залічаны ў склад клуба 2-й лігі ФК “Асі­повічы” і склаў там кампанію экс-пастаўчаніну Глебу Жалезнікову.

Уладзімір ШЫК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.