Спецыфічны і цікавы стыль жыцця

Личности

Так характарызуе сваю службу прапаршчык пагранкамендатуры «Паставы» Кацярына Бялавенцава

Яшчэ з дзяцінства ў Каці Бялавенцавай былі «пагонныя мары» — ёй хацелася насіць ваенную форму. Першы раз прымерыла братаву, калі той прыйшоў у водпуск з тэрміновай службы. Пасля   заканчэння сярэдняй школы паступіла ў юрыдычны каледж пры Белдзяржуніверсітэце. Стажыравалася ў аддзяленні дазнання Маладзечанскага аддзела ўнутраных спраў. А атрымаўшы дыплом, падала дакументы на прызыў у органы пагранічнай службы.

Першым месцам службы стаў чыгуначны пункт пропуску «Гудагай-2». Праз пэўны час дзяўчыну накіравалі ў школу падрыхтоўкі прапаршчыкаў у Брэст. Чатыры месяцы сталі сапраўдным выпрабаваннем на вынослівасць, загартавалі фізічна і маральна. Выпрацаваліся стрыманасць, сіла волі, яшчэ большая адказнасць. Урэшце — пагоны прапаршчыка і пункт пропуску «Гудагай-1».

— Калі на першым месцы службы была адказная за пропуск грузавых цягнікоў, то на «Гудагаі-1» мела справу з пасажырскімі, — расказвала Кацярына. — З вялікім патокам людзей працаваць заўсёды цяжэй. Трэба быць не проста стрыманай, але і ветлівай, усмешлівай.

Службу Каця сумясціла з вучобай на юрыдычным факультэце Белдзяржуніверсітэта. У 2016 годзе яе перавялі ў камендатуру «Паставы». Цяпер займае пасаду старшага афіцэра аддзялення аператыўнай дзейнасці па адміністрацыйнай практыцы. Неўзабаве паедзе ў Інстытут пагранічнай службы на экзамены, падчас якіх ацэняць яе работу на пасадзе. Затым чакаюць вучоба ў Мінску і прысваенне звання афіцэра.

— У чым заключаецца мая работа? — перапытвае дзяўчына. — Я працую з парушальнікамі Дзяржаўнай граніцы. А такіх нямала.

Асабліва напружаным быў мінулы год. На тэрыторыі Пастаўскага раёна неаднаразова затрымлівалі групы нелегалаў — выхадцаў з В’етнама, Афганістана, Таджыкістана. Урэшце пагранічнікам сумесна з міліцыяй удалося перакрыць міжнародны канал незаконнай міграцыі праз Беларусь у Еўрасаюз грамадзян вышэйпералічаных краін. К. А. Бялавенцава разам з аператыўнай групай выязджае на месца затрымання, праводзіць агляд, апытанне, складае пратаколы і кантралюе ўвесь працэс з моманту затрымання. Займаецца таксама выпіскай прапускоў у пагранічную паласу і многім іншым. Служба неспакойная. Падняць могуць у любы час сутак, у выхадны дзень. Трэба быць заўсёды напагатове.

— Павелічэнне колькасці жанчын-ваеннаслужачых — тэндэнцыя ўсяго свету, — гаварыла Кацярына. — У Ізраілі, напрыклад, служба па прызыве з’яўляецца абавязковай як для юнакоў, так і для дзяўчат. Прафесійна выконваюць свае абавязкі і беларускія жанчыны-пагранічнікі. Лічу, што  мы больш назіральныя, інтуітыўныя, мэтанакіраваныя, з нардычным характарам. За 6 гадоў работа стала для мяне стылем жыцця — спецыфічным, складаным, але цікавым.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.