Стварыць адну школу для розных дзяцей

Образование

Настаўнік-дэфектолаг Ж. Г. Рамбальская (злева) і памочнік выхавальніка В. А. Дубіна з навучэнцамі спецыяльнага класа.

У апошні час, калі гаворка заходзіць пра адукацыю, з вуснаў педагогаў, і не толькі іх, можна пачуць такі тэрмін, як інклюзія. Прыйшоў ён да нас з лацінскай мовы і ў перакладзе на беларускую азначае «ўключэнне».

Не падстройваць, а падстройвацца
Само паняцце інклюзіі для большасці заходніх краін не новае: там яна даўно набыла шырокае распаўсюджванне. Існуюць нават цэлыя інклюзіўныя школы, дзе побач са здаровымі дзецьмі навучаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі з інваліднасцю, для якіх створаны ўсе ўмовы, каб яны маглі адчуць сябе паўнапраўнымі членамі калектыву, задаволіць свае сацыяльныя і адукацыйныя патрэбы. Інакш кажучы, школа сама падстройваецца пад такое дзіця, а не наадварот, як пакуль адбываецца ў нас. У беларускай, таксама як і ў расійскай, сістэме адукацыі пераважае інтэграцыя, калі патрэбы дзяцей з фізічнымі і псіхічнымі парушэннямі прыводзяцца ў адпаведнасць з гэтай самай сістэмай, якая застаецца для іх непрыстасаванай і нязменнай.

— Сёння перад педагогамі стаіць задача — арганізаваць адукацыйны працэс для ўсіх катэгорый дзяцей, у тым ліку з асаблівасцямі развіцця, бежанцаў, прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей і інш., — гаварыла Іна Іванаўна Краўчук, дырэктар раённага Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, куды я завітала, каб пагутарыць на да­дзеную тэму. — Сказаць, што гэта не робіцца зараз, нельга. Але ёсць невялікая розніца: мы павінны падрыхтаваць такое асяроддзе, якое дапаможа розным дзецям суіснаваць у адной адукацыйнай прасторы. Пад асяроддзем маецца на ўвазе не столькі матэрыяльны складальнік, колькі пералом у свядомасці кожнага чалавека, прыняцце і талерантнасць.

Кабінет аказання ранняй дапамогі.

Інклюзіўны цэнтр
Так з поўным правам можна назваць згаданы вышэй Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Ён не толькі 17 гадоў працуе з асаблівымі дзецьмі, але і ажыццяўляе метадычнае забеспячэнне школ і дзіцячых садоў, якія наведваюць хлопчыкі і дзяўчынкі з псіхічнымі і фізічнымі парушэннямі, аказвае ім кансультацыйную і сацыяльна-педагагічную дапамогу. А цяпер яшчэ і каардынуе дзейнасць усіх устаноў адукацыі пры пераходзе да інклюзіі, рыхтуе свядомасць людзей да таго, што побач ёсць асаблівыя дзеці і мы павінны праяўляць да іх цярпімасць, увагу і клопат.

— Сёння на Пастаўшчыне пражываюць 263 дзіцяці з асаблівасцямі, якія маюць самыя розныя парушэнні — ад лёгкіх маўленчых да цяжкіх множных псіхічных і фізічных, — расказвала Іна Іванаўна. — Апошняя катэгорыя — асноўная, з кім мы працуем, для такіх дзяцей наш цэнтр арганізуе адукацыйны працэс. А ўсяго аказвае дапамогу 42 хлопчыкам і дзяўчынкам. Астатнія атрымліваюць яе ў інтэграваных класах школ або ў пунктах карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Яны створаны ў СШ №1 і №3, дзіцячых садах №1, №4 і №5 у Паставах, а таксама ў Варапаеве, Лынтупах і Дунілавічах. Заўважу, што рознымі ві­дамі карэкцыйна-педагагічнай дапамогі ў нашым раёне ахоплены 100 працэнтаў асаблівых дзетак, і гэта не можа не радаваць.


На сённяшні дзень у Пастаўскім раёне пражываюць 263 дзіцяці з асаблівасцямі, якія маюць ад лёгкіх маўленчых да цяжкіх множных псіхічных і фізічных парушэнняў. Усе яны ахоплены рознымі відамі карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.


З 42 выхаванцаў цэнтра 10 навучаюцца ў спецыяльным класе. Наведваюць яго дзеці рознага ўзросту і з рознымі псіхафізічнымі асаблівасцямі. Для некаторых складзена індывідуальная праграма навучання па прычыне іх асаблівасцей і актуальнага ўзроўню развіцця. Пяцёра дзяцей з класа па медыцынскіх паказаннях навучаюцца дома, таксама як і трое дашкольнікаў. Двум дзеткам ва ўзросце да 3 гадоў аказваецца ранняя дапамога. Астатнім — карэкцыйная. Па яе прыхо­дзяць хлопчыкі і дзяўчынкі з розных школ і садкоў, дзе няма, напрыклад, дэфектолага. Калі ж гаварыць пра арганізацыю вучэбнага працэсу ў цэнтры, то тут з дзецьмі працуюць тры настаўнікі-дэфектолагі, педагог-псіхолаг, сацыяльны педагог, выхавальнік і памочнік выхавальніка. Па ўсіх напрамках дзейнасці абсталяваны адпаведныя кабінеты, у якіх маецца ўсё неабходнае для правя­дзення заняткаў.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара

Поўны матэрыял чытайце на 3-ай старонцы № 20 газеты “Пастаўскі край” ад 14 сакавіка 2018 г.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.