Сутокі

2018 год — Год малой радзімы Общество

Вёска Ракіты, у якой я нарадзіўся і якой ужо няма, была апошняй на левым беразе ракі Мядзелкі. Далей — Сутокі, месца, дзе Мядзелка зліваецца з Бірвяткай і Дзісенкай. Яшчэ адно значэнне гэтага слова — лінія сутыкнення, мяжа. Гэта месца настолькі зачароўвае, што здаецца, без містыкі тут не абышлося. Кругавая панарама на некалькі соцень метраў уключае цудоўныя, створаныя прыродай пляжы і затокі, абрывы, на якіх раскашуюць ракіты. Яны і далі назву вёсцы. Нават некаторыя яе жыхары мелі такое паэтычнае прозвішча. Струмені вады віруюць, рака бурліць і пеніцца. Для рыбакоў тут рай. Рыбу лавілі амаль усе, нават кабета Лёнгіна, што прыяз­джала з Польшчы ў госці. З сярэдзіны красавіка браўся шчупак і чырванапёры паласаты акунь. Потым ішоў лешч, ці, як мы яго называлі, пласкірка, трапляліся галаўні і язі, плоткі і краснапёркі, распёры і нават самы. А сцюдзёнымі студзеньскімі начамі здабычай удачлівага ды загартаванага рыбалова станавіліся налімы, ці, па-вясковаму, вягелы. Расказвалі, што хутарскому спадару Волюсю пашчасціла падчапіць такога сама, які ледзь памясціўся ў лодку. Яшчэ баялі, што як вычысцілі яго вантробы, то знайшлі там медаль “За ўзяцце Кёнігсберга”. Такія вось дзівосныя справы адбываліся ў Сутоках. 

Мы з дзядзькам Фэлем лавілі шчупакоў з лодкі дарожкай: дзядзька — на вёслах, я — на карме са спінінгам. Бляшня круціцца, грае за лодкай, і вось радасць: ёсць зубаты! Б’ецца, аж з вады выскоквае, але ўрэшце апынаецца ў лодцы. Вага — цэлы кілаграм. З Янушам Вайцякянам наперацяжку лавілі язёў. Усё гэта — мае ўспаміны, звязаныя з гадамі дзяцінства і юнацтва, калі прыязджаў у Ракіты на канікулы да бабулі Ганэфы. А цяпер там Дзяржаўная граніца, і па гэтай прычыне вельмі нячаста наведваюць тыя мясціны рыбакі.

Даўно не быў там і я. Мінулым летам, як толькі выдалася некалькі пагодлівых дзён, уздумалася мне з’ездзіць на сваю малую радзіму, а заадно і на Дзісенку парыбачыць. Еду, а ўспаміны, думкі так і віхураць у галаве. Вось і круты паварот за вёскай Деткава. Злева, за ракой, добра бачны дрэвы паабапал вясковай дарогі. Па ёй я хадзіў, а зімой у завею і “ездзіў” на татавых плячах у пачатковую школу ў Маскалішкі. Крыху далей, дзе была вёска Вялікія Козкі, засталося дрэва. Ці не той дуб-волат, што здаўна рос каля хаты дзеда Жыгалкі, сваяка майго дзядулі Янука Сальмано­віча? Ад вёскі Малыя Козкі ніякага ўспаміну не засталося. З бальшака мы ішлі праз яе да ракі на паром. Пакрычыш трохі “Падайце перавоз!”, добрыя людзі табе і дапамогуць — перагоняць пераправу праз раку. Няма ўжо ні парома, ні вёскі…

Да Дзісенкі ў той раз я так і не даехаў — ускалыхнулася светлая туга па родных мясцінах! Спыніў машыну і вырашыў пабачыць свае Сутокі. Дарог і пад’­ездаў няма, бо наперадзе граніца. Знайшоў нечую “сакрэтную” сцежку, па якой і выйшаў на месца, дзе раней стаяла вёска Бірвіта. Сутокі адсюль і сапраўды чароўныя. У сонечных промнях у затоцы стаялі некалькі “фламінга”. Напэўна, гэта былі жоравы ці чаплі, але мне яны падаліся менавіта гэтымі рамантычнымі ружовымі птушкамі. Нідзе я не бачыў такога хараства, хоць многа ёсць прыгожых мясцін. Толькі яны інакшыя, не такія.

Рыбачыць асабліва і не хацелася. Палюбаваўся краявідамі, падыхаў такім родным паветрам са знаёмым з дзяцінства водарам  ракі, аеру. Падысці да берага там, дзе хочацца, нельга. Рака пасля даж­джоў так разлілася, што на паверхні бачныя толькі макаўкі сіты. Успомніліся словы бабулі Ганэфы: “Калі вада вялікая, то рыба не ловіцца”. І праўда, куды ні закідваў вуду, клёву не было. Аднак на глыбіні дзесьці пад два метры нечакана клюнуў карась, ды такі, што заважыў на кілаграм. Потым мая снасць зачапілася за нейкі корч і засталася там назаўсёды. Адкуль там карчы?! Мабыць, бабры “напілавалі” сабе дрэў на хаткі…

Знаёмай сцяжынкай выйшаў да бальшака. Па дарозе дадому падумаў: унікальнасць такой мясціны ў тым, што працяглы час тут адсутнічае хоць якая-небудзь цывілізацыя, затое існуе прапускны рэжым, а прырода захавалася амаль некранутай. Граніца любіць цішыню. І рака, нібыта прыслухоўваючыся, становіцца спакойнай і нясе свае воды далей.

Леанід СЕМЯНАС, няштатны карэспандэнт



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.