Ужо вужы?


Нядзеля. Шэры надвячорак. Яна прыйшла дадому ад сяброўкі, зняла абутак і паліто і, не ўключаючы святло, ступіла на кухню. Але што гэта за шланг валяецца на падлозе? І адкуль ён мог узяцца, калі ў кватэры ніхто, акрамя яе, не жыве? Памкнулася нахіліцца і падняць, як “шланг” заварушыўся і папоўз. Вуж! Гаспадыня ад страху закрычала немым голасам, выскачыла з кухні і, зачыняючы за сабой дзверы, прышчаміла “госцю” хвост.

“Усё жыццё панічна баюся гэтых мярзотных стварэнняў, — расказвала мне потым. — Без розніцы, гадзюка гэта або вуж, уцякаю ад іх у лесе без памяці”. На гэты раз давялося ўцякаць з уласнай кватэры. Кінулася па дапамогу да суседкі. Тая, смялейшая, паспрабавала венікам загнаць вужа ў вядро, каб потым вынесці яго, але нічога не атрымалася. Вырашылі выклікаць ратавальнікаў і пазванілі ў цэнтр аператыўнага кіравання раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Хлопцы прыехалі хутка і вокамгненна злавілі вужа. “А ў мяне рэзка падняўся ціск, вельмі дрэнна спала — усё здавалася, што паўзе гадзюка. Ды і цяпер з бояззю заходжу на кухню. Дэталёва абгледзела яе — адкуль мог з’явіцца? Выявіла невялікую шчыліну ў не зусім акуратна прыбітым да падлогі плінтусе, праз якую, напэўна, і запоўз з-пад дома”.

Цікавіцеся: а што стала з няпрошаным госцем, які завітаў у мінулую нядзелю ў тую кватэру па вуліцы Савецкай у райцэнтры? У раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях мне сказалі, што выпусцілі вужа ў Мядзелку, далей ад жылля.

Пішу гэтыя радкі і аналізую свае адносіны да вужоў. Таксама вельмі баялася іх. Мінулым летам, адным цёплым, сонечным днём, заўважыла даўжэзны “шланг” на падмурку дома і хуценька рэціравалася ад гэтага месца. А сын, за ім і ўнук-падлетак смела бралі ў рукі, разглядвалі, фатаграфаваліся. Падышоў сусед: “Дайце, занясу паказаць жонцы”. Праз хвіліну цішыню нашай малалюднай ускраіны разрэзаў жаночы лямант — паказаў! За што потым і атрымаў ад жонкі па поўнай праграме. І варта, бо так перапужаўшы, мог і заікай яе зрабіць. А я за лета крыху прывыкла да паўзучых, якія то на сонечным баку сажалкі грэліся, то на кусце парэчак скручваліся, то перапаўзалі вуліцу. Не такія яны ўжо і страшныя. Да таго ж прыносяць карысць — знішчаюць мышэй і насякомых. Спаць яны могуць па восем месяцаў у годзе, запаўзаючы ў розныя норы і шчыліны ў зямлі. Як толькі сыходзіць снег, прачынаюцца.

З кожным годам вужоў у нашай мясцовасці становіцца ўсё больш. Гэтыя божыя стварэнні не нападаюць на людзей і не наносяць ніякай шкоды. Дык хто дае права іх знішчаць? Ці не лепш паспрабаваць трасфармаваць страх у цікаўнасць і больш даведацца пра гэтых бяскрыўдных паўзучых?

        Фаіна Касаткіна



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.