Вучыць гармоніі рухаў

Культура Личности

«Пліе», «батман тандзю», «жэтэ», «ронд дэ жамб пар тэр»… Гэта не ўрок французскай мовы, а адны з многіх танцавальных рухаў. Правільна іх выконваць вучыць сваіх выхаванцаў настаўніца дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза па класе харэаграфіі Анастасія Паўлаўна Логінава.

Нарадзілася ў Гуце. У гэтым населеным пункце яе маці загадвала сельскім Домам культуры, зразумела, дзяўчынка расла ў творчым асяроддзі. Займалася ў танцавальным гуртку, Варапаеўскай дзіцячай музычнай школе па класе акардыёна. Успамінае, што ў дзяцінстве жыццё работнікаў культуры ўяўлялася суцэльным святам, таму і вырашыла паступаць у Віцебскі дзяржаўны каледж мастацтваў на харэаграфічнае аддзяленне. Пасля яго заканчэння размеркавалі ў Пастаўскую дзіцячую школу мастацтваў, дзе і працуе ўжо на працягу шаснаццаці гадоў.

— На харэаграфічнае аддзяленне набор ажыццяўляецца на 5- і 7-гадовы тэрміны навучання. Дзеткі ў нас не толькі танцуюць, але і займаюцца на інструменце (на выбар), вывучаюць сальфеджыа і гісторыю мастацтваў, — расказвала настаўніца. — Усяго на аддзяленні пяць груп, наведваюць іх 60 чалавек. Разам са мной харэаграфіяй з імі займаецца Наталля Аляксандраўна Сіўко (у кожнай па дзве групы, у адной выкладаем сумесна). Таксама курырую танцавальны ансамбль «Пралескі». Наша школа добра вядомая далёка за межамі раёна. Пазітыўны імідж установы ствараюць усе настаўнікі без выключэння і ў многім дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва.

Першыя два гады заняткі па харэаграфіі праходзяць два разы ў тыдзень. З кожным наступным годам нагрузкі павялічваюцца, і ўжо ў выпускным класе з выкладчыкамі харэаграфіі дзеці сустракаюцца кожны дзень, акрамя ня­дзелі. На занятках хлопчыкі і дзяўчынкі засвойваюць асноўныя пазіцыі рук і ног, правільную пастаноўку корпуса, развучваюць класічныя, народныя, гісторыка-побытавыя і сучасныя танцы. Прадэманстраваць свае здольнасці ёсць магчымасць не толькі падчас справаздачных канцэртаў і бацькоўскіх сходаў, але і на разнастайных конкурсах, а таксама раённых мерапрыемствах.

Танец — гэта не толькі набор рухаў. Каб ён ажыў, уразіў гледачоў, зачараваў пластычнай выразнасцю, у яго трэба ўкласці эмоцыі і пачуцці, прадумаць касцюмы. І калі гэта атрымалася, для харэографа няма большай радасці, упэўнена Анастасія Паўлаўна.

— Заняткі харэаграфіяй развіваюць музыкальнасць, слых, рытм, устойлівасць і каардынацыю, трымаюць у тонусе мышцы. А яшчэ  выпрацоўваюць лідарскія якасці, робяць больш разняволенымі, дазваляюць наладзіць кантакт з аднагодкамі, — пералічвае плюсы А. П. Логінава.

Яскравае пацвярджэнне гэтаму — сама Анастасія Логінава — стройная і грацыёзная як лань.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.