З песнямі, танцамі ды з народнымі абрадамі

Культура

Фота Кацярыны ПАЎЛАВАЙ

Мінулая нядзеля для юнчан выдалася незвычайнай. Дзесьці а 10-й гадзіне па ваколіцах аграгарадка разнёсся радасны заклік: «Юнькі, прачынайцеся, на свята збірайцеся!» Так работнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна, едучы на ўпрыгожаным возе, запрашалі мясцовых жыхароў на Масленіцу.

Свята ладзілася каля мясцовага сельскага Дома культуры. Тут размясцілі сцэну і гандлёвыя палаткі з рознымі сувенірамі і прысмакамі. Надзвычай запатрабаванымі ў гэты марозны дзень былі гарачая гарбата і, зразумела, бліны. Пашчыравалі над пачастункамі народныя клубы нацыянальнай кухні, гульні і абраду «Традыцыя», «Юнчанка», «Сельчанка».

Фота Сяргея ВШЫЎКАВА

Масленіца — не толькі самае «смачнае» зімовае свята, але і самае вясёлае. Культработнікі паклапаціліся, каб у гэты дзень ніхто не сумаваў: падрыхтавалі цікавую тэатралі­заваную праграму, шмат гульняў і забаў. Юнчане дружна перацягвалі канат, кружыліся ў карагодзе разам з сама­дзейнымі артыстамі сельскіх Дамоў культуры, якія прыехалі сюды на свята. На снежнай горцы арганізавалі саначныя спаборніцтвы. Сямейныя экіпажы дэманстравалі такія спрыт і хуткасць, што маглі пазайздросціць нават прафесійныя спартсмены. Ну а кульмінацыяй стала традыцыйнае масленічнае вогнішча.     

Гарэзлівыя праводзіны зімы засталіся ззаду, наперадзе — сустрэча з доўгачаканай вясной-прыгажуняй, якая прынясе яркія фарбы і цяпло сонечных промняў.

Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.