За крок ад Еўропы

Общество

Падчас наведвання аддзялення сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў.

Так ахарактарызавалі дзейнасць Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва калегі з Астраўца пасля знаёмства з работай яго аддзяленняў.

Напачатку астраўчан прынялі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Мікалаеўна Седзюкевіч і дырэктар ТЦСАН Дзіяна Іванаўна Пякарская. Яны расказалі пра работу цэнтра, паказалі кароткі відэафільм.

Затым госці наведалі аддзяленні сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знахо­джання інвалідаў, кругласутачнага знаходжання, дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Іх загадчыцы Вольга Алегаўна Гінько, Юлія Сяргееўна Чалей і Вера Сяргееўна Бузанава азнаёмілі з работай гурткоў, была магчымасць пагутарыць з наведвальнікамі аддзяленняў. Ад убачанага гасцей перапаўнялі эмоцыі. Яны захапляліся ўмовамі пражывання, багатым меню, унікальнымі мастацкімі рэчамі, якія вырабляюць інваліды, трэнажорнай залай, паслугамі ароматэрапіі і многім іншым.

Далей маршрут пралёг на Лынтупшчыну. У філіяле ТЦСАН і яго аддзяленнях кругласутачнага і дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту сустракалі іх загадчыцы Таццяна Чаславаўна Валуевіч, Надзея Тадэвушаўна Гатоўская і Алена Аляксандраўна Валасевіч, а таксама наведвальнікі. Астраўчане толькі паспявалі запісваць, запамінаць і фіксаваць фотаапаратам новае для сябе, засыпалі гаспадароў пытаннямі. 

Госці знаёмяцца з вядзеннем дакументацыі ў Лынтупскім аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту.

— Пастаўшчыну мы выбралі невыпадкова, — расказваў дырэктар Астравецкага тэрытарыяльнага цэнтра Віктар Іосіфавіч Ждановіч. — Ваш раён развіты па ўсіх кірунках. Шмат станоўчых водгукаў чуў пра работу сацыяльнай службы. Таму і напрасіліся ў госці. Вам сапраўды ёсць што паказаць, а нам — пагля­дзець. Мне давялося пабываць у многіх раёнах не толькі Гро­дзенскай вобласці, але і ў Літве, Латвіі, Польшчы, Аўстрыі. Маю з чым параўноўваць. Вы на шмат крокаў наперадзе сваіх суседзяў і блізкія да еўрапейскага ўзроўню. У вас шмат новых форм і метадаў работы. А яшчэ, што нельга  не заўважыць, падабрана каманда аднадумцаў. Работа ў сацыяльнай службе цяжкая, яна патрабуе такіх чалавечых якасцей, як спагада, міласэрнасць, вялікае цярпенне. Выпадковым людзям тут не месца. Работнікі вашых аддзяленняў не проста працуюць, яны душу ўкладваюць у абраную справу. Нас асабліва цікавілі эфектыўныя тэхналогіі сацыяльнай работы, функцыянаванне аддзяленняў кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. У нашым раёне такіх пакуль няма. Цяпер на парадку дня стаіць пытанне: што адкрыць — дом сумеснага пражывання або аддзяленне кругласутачнага знаходжання? Пераканаўся ў перавазе апошняга. Дзякуй за зычлі­васць, гасціннасць, ад­крытасць, жаданне падзяліцца напрацаваным. Думаю, многае ад вас пяроймем і мы. 

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ

Поўны матэрыял чытайце на 4-ай старонцы № 25 газеты “Пастаўскі край” ад 31 сакавіка 2018 г.

Больше фото в наших группах с соцсетях: 

Одноклассники 

 

ВКонтакте