Зачаравала «Маладзіца»

Культура

Дыплом першай ступені і вялікі, прыгожы Кубак прывёз з ІІ Міжнароднага конкурсу-фестывалю вакальнага і харэаграфічнага майстэрства «Славянскія самацветы» народны ансамбль беларускай песні «Маладзіца» выкладчыкаў Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Пра гэты фестываль кіраўнік калектыву Алена Міхайлаўна Салавей даведалася з інтэрнэту і, не раздумваючы, вырашыла: трэба ўдзельнічаць! Тым больш што неабходная конкурсная песня даўно маецца ў рэпертуары. На першы, завочны, тур, які праводзіўся ў лютым па аўдыёзапісе, з заяўкай на ўдзел у намінацыі «Хіт сваёй краіны» адправілі «Пах чабаровы» добра вядомага ў 70—80-ыя гады мінулага стагоддзя ВІА «Чараўніцы». І неўзабаве прыйшоў адказ з запрашэннем прыняць удзел у заключным туры фестывалю. Праходзіў ён з 25 па 28 сакавіка ў Палацы культуры Мінскага аўтама­більнага завода і сабраў больш за тысячу ўдзельнікаў з 34 гарадоў Расіі, Беларусі, Украіны.

— Асабліва шырока была прадстаўлена Расійская Федэрацыя, якая з’яўляецца галоўным арганізатарам фестывалю, — расказвала Алена Міхайлаўна. — Санкт-Пецярбург, Масква, Падольск, Каралёў, Архангельск, Ніжні Тагіл… Адкуль толькі ні прыехалі індывідуальныя выканаўцы і калектывы! Што датычыць беларускіх канкурсантаў, іх было намнога менш. У прыватнасці, у намінацыі «Хіт сваёй краіны» Віцебскую вобласць прадстаўляў адзін наш ансамбль. Спявалі мы ўсё той жа «Пах чабаровы» і, калі выступілі, пачулі з залы, што выканалі песню лепш за «Чараўніц».

Па словах кіраўніка «Маладзіцы», конкурснага хвалявання і саперніцтва зусім не адчувалася. На фестывалі панавала дзіўная сяброўская атмасфера. За кулісамі яе стварала вядучая з Санкт-Пецярбурга Юлія Дудзіна, якая падбадзёрвала і паднімала ўсім настрой.

— Мы атрымалі вялікае задавальненне ад удзелу ў свяце, — зазначыла А. М. Салавей. — Спадабаліся цудоўная праграма гала-канцэрта, выдатная арганізацыя мерапрыемства, добразычлівасць і гасціннасць усіх, хто на ім працаваў. Гэта, а таксама ўручаная нам узнагарода з лішкам акупілі стомленасць ад паездкі ў Мінск і нашы транспартныя выдаткі.

Алена ШАПАВАЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.