Ад распрацоўкі мэблі да яе зборкі

Общество

На завод «Паставымэбля» Іван Танана ўладкаваўся два гады таму аператарам станкоў з праграмным кіраваннем. Праз паўгода яго перавялі на пасаду інжынера-тэхнолага, на якой зараз і працуе.

— Я скончыў Віцебскі дзяржаўны індустрыяльна-педагагічны каледж. Але знайсці работу па спецыяльнасці «Тэхнік-архітэктар», якую там атрымаў, не ўдалося. Неўзабаве прызвалі ў армію. Пасля службы вярнуўся ў Паставы і пайшоў працаваць на завод, — расказваў пра шлях у прафесію Іван Танана. — Азам работы на раскройна-механічным станку вучыў Аляксандр В’югін. Хутка асвоіў і астатнія віды станкоў: ровер, ваймы, свідравальны. Зараз гэта вельмі дапамагае ў рабоце — першую мадэль новай мэблі, як правіла, раблю сам.

Іван працуе ў вытворча-тэхнічным аддзеле, які ўзначальвае Алена Васільеўна Рабцава. Усяго ў ім сем чалавек, чатыры з якіх працуюць зузім нядаўна. Асвойвацца на прадпрыемстве ім дапамагаюць вопытныя калегі, падтрымліваюць, усяму вучаць. 

Асноўныя абавязкі Івана — разлік фурнітуры і дэталяў мэблі для ўдзелу ў тэндарах, распрацоўка новых мадэляў. А для гэтага неабходны фантазія, уседлівасць, уменне карыстацца праграмамі для чарчэння — ад рукі зараз робяцца толькі эскізы будучага вырабу.

— У нас дастаткова вялікі пералік мэблі і матэрыялаў для яе вырабу, шмат індывідуальных заказаў, якія распрацоўваем са слоў кліента. Ад шматгадзіннай працы за камп’ютарам стамляюцца вочы, — працягваў суразмоўца. — Каб адпавядаць рынку, трэба не стаяць на месцы, увесь час удасканальвацца. Ідэі чэрпаю з розных крыніц. Бывае, гляджу ў магазіне ці ў гасцях, скажам, на камоду альбо стол і пачынаю ўяўляць тэхналогію стварэння.

Звыклая рэч для інжынера-тэхнолага і камандзіроўкі. У іх назірае за зборкай і расстаноўкай мэблі, правярае, каб не было дэфектаў: драпін, сколаў, каб усюды супалі прасвідраваныя адтуліны. Адны з апошніх выездаў — у Брэсцкую абласную пракуратуру і кампанію «Марка» (Віцебск), якія зрабілі буйныя заказы на офісную мэблю ў пастаўскага завода.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.