Адкрывае гарызонты геаграфія


Дзевяцікласнік Варапаеўскай СШ Мікіта Залецкі ў сваёй школе асоба вядомая і тытулаваная. Зрэшты, чаму толькі ў школе? У раёне, вобласці і рэспубліцы таксама. Ён — прызёр заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі і рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару па гэтым прадмеце.

А пачалося ўсё ў чацвёртым класе з удзелу ў школьнай камандзе па інтэлектуальных гульнях і выступленняў у яе складзе на чэмпіянаце раёна. Тады на разумнага і дапытлівага хлопчыка і звярнуў увагу настаўнік геаграфіі Аляксандр Анатольевіч Гарны. На наступны год Мікіта ўжо спрабаваў свае сілы ў раённай алімпіядзе для школьнікаў, дзе сярод юных географаў заняў другое месца. Затым два гады запар выходзіў яе пераможцам. У сёмым класе прыняў удзел у раённым этапе рэспубліканскай алім­піяды па вучэбных прадметах. Выступаў па геаграфіі за дзявяты клас і атрымаў дыплом трэцяй ступені. Летась стаў абсалютна першым у раёне, паказаў пяты вынік на абласным этапе і заваяваў дыплом другой ступені. Ён даў магчымасць варапаеўскаму школьніку ўвайсці ў зборную Віцебскай вобласці і трапіць на «рэспубліку». Але першы вопыт удзелу ў фінале спаборніцтваў аказаўся няўдалым.

— Мы зразумелі, чаго нам не хапае, убачылі свае слабыя месцы і пастараліся іх выправіць сёлета пасля перамогі на «вобласці». У выніку Мікіта стаў бронзавым прызёрам заключнага этапа! — не без гонару гаварыў А. А. Гарны.

 Дарэчы, у абласным этапе алімпіяды, акрамя М. За­лецкага, прымалі ўдзел яшчэ чацвёра вучняў Аляксандра Анатольевіча. Двое з іх — адзінаццацікласніцы Алеся Балай і Даша Конышава — вярнуліся дамоў з дыпломамі адпаведна другой і трэцяй ступеняў. Алеся разам з Мікітам прайшла на «рэспубліку», але там ёй крыху не пашанцавала. Што датычыць героя гэтага артыкула, у мінулым і бягучым навучальных гадах ён удзельнічаў таксама ў раённым этапе алім­піяды па біялогіі, дзе двойчы станавіўся пераможцам.

— Біялогія і хімія — адны з маіх любімых прадметаў, — прызнаецца хлопец. — Але найбольш падабаецца геаграфія. Цікава вывучаць розныя месцы на планеце, заканамернасці, па якіх функцыянуюць прыродныя, сацыяльныя, экана­мічныя працэсы, чытаць навукова-папулярную літаратуру па тэме.

З задавальненнем займаецца Мікіта і навукова-даследчай дзейнасцю. Пад кіраўніцтвам педагога напісаў навуковую работу на тэму тэрытарыяльнай дыферэнцыяцыі сістэмы размяшчэння і рассялення насельніцтва Пастаўскага раёна, з якой удзельнічаў у раённай і абласной навукова-практычных канферэнцыях для школьнікаў, рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару. З апошняга прывёз дыплом другой ступені. За гэта, а таксама поспехі ў алімпіядным руху двойчы намінаваны на прэмію Спецыяльнага фон­- ду Прэзідэнта краіны.

Нягледзячы на тое, што геаграфія зараз — галоўнае захапленне хлопца (раней наведваў яшчэ і школу мастацтваў, якую закончыў па класе акардэона), у будучым ён бачыць сябе ўрачом. Марыць паступіць у адну з медыцынскіх ВНУ і паступова ідзе да сваёй мэты, удзяляючы шмат часу вучобе. Нездарма сярэдні бал паспяховасці ў школе — 9,4. А з такім жаданнем вучыцца, пазнаваць новае, працавітасцю і мэтанакіраванасцю ўсё абавязкова атрымаецца.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.