Будучы лес пачынаецца з гадавальніка


Ляснічы Пастаўскага лясніцтва Альберт Туронак падчас нарыхтоўкі саджанцаў для высадкі.

Сёння стартуе рэспубліканская акцыя «Тыдзень лесу-2018». Згодна з планам, у Пастаўскім лясгасе за гэты час плануюць пасадзіць малады лес на 27,6 гектарах. Для гэтага спатрэбіцца амаль 100 тысяч саджанцаў.

Пасадачным матэрыялам забяспечвае ўласны гадавальнік. У гэтыя дні тут асаб­ліва шматлюдна. Маладзенькія саджанцы выкопваюцца і дастаўляюцца да месца пасадкі. А пачынаецца ўсё з насення. Яно прарошчваецца як у закрытым грунце, так і ў асобнай касеце. Для гэтага ёсць тры цяпліцы. Праходзіць некалькі этапаў, пакуль вырасце дрэва — вялікае і паўнавартаснае.

Гадавальнік займае  9,5 гектара. Уражвае парадак, за якім сочаць усяго некалькі чалавек. Пастаянных рабочых няма. На працягу года тут працуюць леснікі Пастаўскага лясніцтва, а з 1 красавіка па 30 лістапада — наёмныя рабочыя. Загадвае гадавальнікам Аляксей Тадэвушавіч Родзь. Яго вызначаюць вялікая адказнасць за даручаны ўчастак работы і глыбокія веды.

— Напачатку ўсходы кволыя, танюсенькія, — расказваў А. Т. Родзь. — За імі патрэбны пільны догляд. Праз два гады саджанцы пераносяць на спецыяльныя плантацыі, каб набылі сілу карані. І толькі яшчэ праз два гады выкопваюць і садзяць на пастаяннае месца. Сеянцы з закрытай каранёвай сістэмай можна высаджваць на працягу года. Яны хутка прыжываюцца і добра ідуць у рост як вясной, так і восенню.

Прадукцыя гадавальніка пастаянна карыстаецца попытам. Яе набываюць як прадпрыемствы і арганізацыі, так і жыхары горада і раёна. Адпраўляюць і на экспарт у Расію.

Саджанцы сасны, елкі, ліпы, клёна, бярозы, дуба, туі, ядлоўцу і многага іншага ў бліжэйшы час будуць выса­джаны на месцах, адведзеных для ўзнаўлення лясоў, уздоўж вуліц, у парках і скверах, на прыдамавых тэрыторыях.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.