Гараджане адпачывалі, вяскоўцы шчыравалі

Сельское хозяйство

Генадзій Унтан.

Нядзеля. На тэрмометры плюс 20. Тэмпература, хутчэй, чэрвеньская, чым красавіцкая. Паставы запруджаны легкавікамі і людзьмі. Нібыта мурашнікі на рынках «Беліт» і райспажыўтаварыства, ажыўлена ў магазінах. Такім мне ўбачыўся першы дзень доўгіх, трохдзённых выхадных 15-17 красавіка.

А потым былі палеткі сельгаспрадпрыемстваў. На іх таксама панавала ажыўленне, але іншае — працоўнае. Надвор’е дазваляла весці веснавыя работы, таму аграрыям, у адрозненне ад гараджан, было не да выхадных. Напрыклад, у ААТ «Камайскі-агра» за нядзельны дзень падрыхтавана да сяўбы 146 гектараў глебы, засеяна 113, падкормлена шматгадовых траў на 111-ці, на 60-ці зроблена хімпраполка азімых, на 77-і сабраны камяні.

Работнікі малочнага завода на падборы камення.

У «Камайскім-агра» мы з пазаштатным фотакарэспандэнтам газеты Сяргеем Вшыўкавым пабывалі ў мінулую суботу.

— Сеем пакуль што выбарачна, — расказваў намеснік дырэктара Аляксандр Станіслававіч Шымковіч, якога сустрэлі ў полі ля Ясева, дзе працавала тэхніка. — Да сёлетняга года гэта зямля належала ААТ «Вярэнькі-агра». Гаспадарка абанкруцілася, і зямлю перадалі нам. Бачыце, якія кавалачкі: на чатыры, восем, пятнаццаць гектараў. Хіба магчыма дабіцца на іх высокай выпрацоўкі? Да таго ж наслядзілі лясгасаўцы, вывозячы лес. Так разбілі ўскраіну поля, што цяпер яе ніяк не апрацаваць. Станоўчае тое, што сеем не ў пустую глебу. Яна атрымала поўную запраўку, таму і на ўра­джай разлічваем.


На ўчарашні дзень у ААТ «Камайскі-агра» пасеяна 447 гектараў зерневых і зернебабовых, што складае 12,2% да плана. 


На трактары з сеялкай — Іосіф Гайлюн. Настрой — рабочы. Вопыту і старання механізатару не пазычаць. У першыя дні засяваў аўсом па 15-17 гектараў, затым выпрацоўка павысілася. На гэтым жа полі прадстаўнікі малочнага завода падбіралі камяні. Знаёмімся. Спецыяліст па ахове працы Уладзімір Палюлян, токар Станіслаў Гінько, электраманцёр Віталій Катовіч, прадавец Алена Сцепаненка. Калі скажу, што для кожнага з іх у радасць пашчыраваць у полі, гэта не будзе праўдай. Але ўсе разумеюць неабходнасць падтрымкі вяскоўцаў. На падборы камення ў той дзень працавала 15 завадчан, якія былі разбіты на тры групы. Прыязджаюць гараджане і ў гэтыя дні.

Аляксандр Шымковіч.

— Нам пашанцавала, што, у адпаведнасці з рашэннем аблвыканкама, «Камайскі-агра» інтэграваны з Пастаўскім малочным заводам, — расказваў Аляксандр Шымковіч. — Прадпрыемства набыло 5 энерганасычаных трактароў «К-744», 3 сучасныя культыватары беларускай вытворчасці, плуг і раскідвальнік угнаенняў — нямецкай. Акрамя таго, завод дапамог ф­і­нансамі і спецыялістамі ў рамонце нашай тэхнікі, а таксама ў закупцы 40 тон эліты ячменю і насення кукурузы пад усю запланаваную 600-гектарную плошчу. Пры такой падтрымцы мы проста абавязаны своечасова справіцца з усімі палявымі работамі, хоць іх аб’ём вельмі вялікі.

Іосіф Гайлюн.

Кіруем на машыне па шашы далей, да граніцы з Мядзельшчынай. На чарговым пагорку разварочваецца магутны «Кіравец» з 9-метровым культыватарам. На ім таксама работнік малочнага завода Генадзій Унтан, які часова перасеў з малакавоза на трактар.

— Я сам родам з Камайшчыны, вось зараз і дапамагаю малой радзіме, — гаворыць. — Тэхніка магутная, на ёй за дзень можна закультываваць 40-50 гектараў. Стараюся.

Падумалася, гэтай напружанай парой стараюцца ўсе сапраўдныя гаспадары зямлі, бо кожны памятае, што веснавы дзень год корміць.

Фаіна КАСАТКІНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.