І зноў гараць дамы, хлявы…

Правовое поле

На тэрыторыі краіны захоўваецца напружаная абстаноўка з пажарамі і гібеллю людзей на іх. Так, з пачатку гэтага года ў Беларусі адбыліся 1982 пажары, што на 295 больш, чым за аналагічны перыяд летась. Ад дыму і агню загінулі 225 чалавек, у тым ліку адно дзіця. У 2017-ым загінуў 171 чалавек, з іх двое дзяцей. У Віцебскай вобласці сёлета зарэгістраваны ўжо 297 пажараў, 45 чалавек загінулі супраць 234 узгаранняў і 35 загінулых у мінулым го­дзе. На Пастаўшчыне за няпоўныя чатыры месяцы адбылося 17 пажараў (летась — 9), загінуў адзін чалавек.

Зусім нядаўна на старонках «Пастаўскага краю» расказвалася пра разгул вогненнай стыхіі ў вёсках Ажарцы і Русакі, а таксама ў адным з інтэрнатаў райцэнтра. І вось свежыя прыклады. 14 сакавіка ў вёсцы Баранавічы Юнькаўскага сельсавета часткова згарэлі хлеў і лазня. Праз два дні сваіх хлявоў пазбавіліся двое жыхароў вёскі Паўлюгі Варапаеўскага сельсавета. Прычыны пажараў устанаўліваюцца. Не выключана, што да іх прывяло выпальванне сухой расліннасці.

Бестурботнасць грамадзян, з якой яны здзяйсняюць дадзенае правапарушэнне, часам выклікае здзіў­ленне. І падпальшчыкамі з’яўляюцца не дзеці, а дарослыя. Блізкая адлегласць ад пабудоў, вецер, суш, немагчымасць кантраляваць гарэнне з-за пажылога ўзросту — гэтыя і іншыя фактары становяцца прычынай таго, што згараюць дамы і гаспадарчыя пабудовы, выгараюць цэлыя вёскі, гінуць людзі. Другая распаўсюджаная прычына пажараў — дзіцячае свавольства з агнём. Паважаныя бацькі! Правядзіце гутарку са сваімі малымі, раскажыце ім, як трэба дзейнічаць у надзвычайнай сітуацыі: куды тэлефанаваць, каб выклікаць ратаўнікоў, як па­кінуць небяспечную зону. І, самае галоўнае, не пакідайце дзяцей адных!


«Тэлефон даверу» Пастаўскага РАНС
4-15-01


Таксама да пажараў нярэдка прыводзіць неасцярожнае абыходжанне з агнём пры эксплуатацыі электрапрыбораў і пячнога ацяплення, курэнні ў домаўладаннях. Ахвярамі такіх дзеянняў становяцца не толькі самі віноўнікі ўзгаранняў, але і члены іх сем’яў, суседзі. Што датычыць загінулых, то імі з’яўляюцца пераважна пенсіянеры. А гэта сведчыць пра неабходнасць правя­дзення прафілактычнай работы з пажылымі людзьмі як з боку грамадскасці, так і блізкіх. Апошнім трэба звярнуць увагу на сваіх састарэлых родных, аказаць ім пасільную дапамогу ў стварэнні бяспечных бытавых умоў.

Магчыма, па-суседстве з вамі жывуць адзінокія грамадзяне. Многія з іх часта адмаўляюцца ад паслуг сацыяльнай службы, да апошняга застаюцца ў сваіх дамах, маўляў, пакуль магу самастойна рухацца, застануся дома. Не праходзьце міма, пацікаўцеся, можа, ім патрабуецца дапамога. Паведаміце пра гэта ў сельвыканкам, участковаму або пажарным. Нагадваем, што ў Пастаўскім РАНС кругласутачна працуе «тэлефон даверу» 4-15-01.

Аляксандр МУХЛЯ, Пастаўскі РАНС



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.