Мы – за спорт і працвітанне краіны

Общество

20 красавіка Паставы далучыліся да агульнарэспубліканскай акцыі «Моладзь — за спартыўную квітнеючую Беларусь».

Ініцыятарам гэтай акцыі, накіраванай на папулярызацыю здаровага ладу жыцця, выступіла маладзёжнае спартыўнае грамадскае аб’яднанне «Федэрацыя варкаўта» пры падтрымцы Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, а ўдзел у ёй прынялі 40 гарадоў краіны. Сутнасць заключалася ў наступным. Кожнаму з выбраных населеных пунктаў, у лік якіх увайшлі як сталіца Беларусі — Мінск, так і невялікія раённыя цэнтры, неабходна было скласці адну «жывую» літару з фразы «Молодёжь — за спортивную процветающую Беларусь».

Нашым Паставам давялося складаць літару «Ю». За гэта ўзя­ліся адпачывальнікі абласнога дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра «Ветразь». У вызначаны час на спартыўнай пляцоўцы ўстановы разам з вядучай — інструктарам па фізічнай культуры, фітнесе і танцатэрапіі Вікторыяй Сварцэвіч — яны выканалі спартыўны трэніровачны танец, у працэсе якога выстраіліся ў патрэбны графічны знак алфавіта. Усяго ў яго ўтварэнні ўдзельнічалі 94 чалавекі — пераважна дзеці ад 8 да 16 гадоў, якія прыехалі на аздараўленне з забруджаных у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС тэрыторый Магілёўскай вобласці. Былі сярод іх і некалькі дарослых — бацькоў дзяцей і педагогаў цэнтра.

Арыгінальны флэшмоб здымалі з дапамогай квадракоптара калегі-журналісты з тэлеканала «Паставы-ТБ», каб потым адправіць гатовы сюжэт арганізатарам акцыі. Тыя ў сваю чаргу зманціруюць з дасланых відэасюжэтаў згаданую вышэй фразу — дэвіз акцыі.

Тэкст і фота Алены ШАПАВАЛАВАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.