На кірмаш – па песні?

Сельское хозяйство

А чаму б і не? Хіба не радасна спалучаць карыснае з прыемным? Менавіта такую магчымасць даў традыцыйны вясенні кірмаш, які адбыўся ў Паставах у мінулую нядзелю.

Зрэшты, пра песні пазней. Пачну ўсё ж такі з асноўнага — тавару. А ён быў разнастайным, зразумела, пераважна сельскагаспадарчым. Адкрытае акцыянернае таварыства «Навасёлкі-Лучай» прывезла харчовую і насенную бульбу і ячмень, якія пайшлі нарасхват і ўжо да дзевяці гадзін былі раскуплены. Сорак мяшкоў ячменю з «Камайскага-агра» таксама разабралі хутка. У першыя гадзіны рэалізавала збажыну і малядняк сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра». А вось цялятак, якіх прапаноўвалі ААТ «Сцяг Перамогі-агра» і «Камайскі-агра», раскупілі не ўсіх. На бульбу і збажыну быў намнога большы попыт, чым іх мелася. Несумненна, што гаспадаркі хацелі б прадаць больш сваёй прадукцыі, ды мала яе маюць, бо з-за неспрыяльных умоў надвор’я летась сабралі небагаты ўраджай. А трэба ж і жывёлу карміць, і сяўбу правесці.

Пра гэта гаварыў на афіцыйным адкрыцці кірмашу першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Генадзій Лютынскі. А таксама паведаміў, якімі тэмпамі вядуцца ў раёне палявыя работы, пажадаў пастаўчанам прыемнага адпачынку і добрых пакупак.

Як заўсёды, прыгожа і багата прадставіла свой тавар райспажыўтаварыства, і ля яго палатак было мнагалюдна. Харчовую і насенную бульбу некалькіх гатункаў, агародніну, садавіну, саленні, мясныя, хлебабулачныя і іншыя вырабы ўласнай вытворчасці і многае іншае прапаноўвалі кааператары. Іх гандлёвая выручка на кірмашы склала 11,1 тысячы рублёў, што амаль у два разы вышэй, чым у звычайную нядзелю.

Самы распаўсюджаны тыпаж на рыначнай плошчы — чалавек, які трымаў у руках саджанцы пладовых дрэў, ягадных або дэкаратыўных кустоў. У палатках з такім таварам тоўпілася столькі пакупнікоў, што не праціснуцца. Не меншыя чэргі ўтвараліся і ля сталоў з насеннем агароднінных культур. А хіба магчыма прайсці раўнадушна міма кветак, якімі пастаўчане так любяць упрыгожваць свае агародчыкі? Адным словам, кожны выбіраў тое, у чым меў патрэбу і на што хапала фінансаў.

Ну а зараз — пра песні, з чаго і пачынала. Рыхтуючы рэпартажы з вялікіх восеньскіх або веснавых кірмашоў, работнікам культуры мы звычайна аддавалі ўсяго толькі адзін-два сказы. Але хіба яны, хто стварае святочны настрой, не заслугоўваюць большага? Вось і на гэты раз падрыхтавалі вялікую і цікавую праграму. Прыгожымі былі выступленні сама­дзейных артыстаў Варапаеўскага, Ду­нілавіцкага, Камайскага, Юнькаўскага сель­скіх дамоў культуры. А як задорна гучалі частушкі! Дзесяць артыстаў спаборнічалі, хто каго пераспявае. Перамаглі Ірына Шарынская і Ірэна Зарэцкая з Варапаева, Анжэла Масцяніца з Лынтуп. Праўда, гледачоў ля сцэны было не заўсёды шмат. А дарэмна — пабачыць было што. Прычым гэта адзіны «тавар», за які не прыходзілася раскашэльвацца…

Фаіна Касаткіна

Больше фото в наших группах с соцсетях: 

Одноклассники 

 

ВКонтакте



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.