Назваць прычыну па імені

Общество

Па ініцыятыве ўрачоў псіханаркалагічнага аддзялення паліклінікі ў каміннай зале цэнтральнай раённай бальніцы адбыўся цыкл лекцый для людзей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Падчас размовы выступоўцы расказалі, як умацаваць і захаваць псіхічнае і псіхалагічнае здароўе, дзе атрымаць рознага роду дапамогу, пакінулі свае каардынаты. Шмат гаварылася пра ролю сям’і ў жыцці кожнага чалавека, як наладзіць адносіны паміж яе членамі, наколькі негатыўна шкодныя звычкі бацькоў уплываюць на дзяцей.  Не засталіся без увагі пытанні прафілактыкі правапарушэнняў, дамашняга  насілля. Каардынавала выступленні лектараў псіхолаг ЦРБ Алена Уладзіміраўна Хмяльніцкая.

Не пакараць, а дапамагчы

Такую мэту ставяць перад сабой спецыялісты псіханаркалагічнага ад­дзялення ЦРБ. Гэта думка чырвонай ніткай праходзіла праз выступленне яго загадчыцы Жанны Пятроўны Паповай. Яна раіла не баяцца звяртацца па дапамогу да псіхіятра-нарколага. Многія не робяць гэтага, бо апасаюцца, што іх могуць паставіць на адпаведны ўлік і пра іх праблемы даведаюцца на працы, пазбавяць бацькоўскіх правоў ці змесцяць у наркалагічную клініку. Аднак, калі чалавек сам звяртаецца да медыкаў, яны імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб з цяжкага становішча ён выйшаў з мінімальнымі стратамі, запэўніла Жанна Пятроўна.

Без асцярогі вышэйпералічаных наступстваў псіхалагічную дапамогу можна атрымаць у псіхолагаў паліклінікі, цэнтра псіхічнага зда­роўя і ТЦСАН. Разам з тым трэба ўсведамляць, што яны не вырашаць праблему. Гэта павінен зрабіць сам чалавек штодзённай цяжкай працай над сваімі паводзінамі. 

— Самае жахлівае, што ад асацыяльных паводзін бацькоў пакутуюць ні ў чым не вінаватыя дзеці. У выніку дарослыя губяць адразу дзве сям’і: сваю і тую, што праз пэўны час створыць іх дзіця, якое, як правіла, пяройме мадэль паводзін таты і матулі, іх стаўленне да працы, іншых людзей, — перасцерагала Ж. Папова. — Памятайце пра гэта і выхоў­вайце дзетак у атмасферы цеплыні і любові.

Падобнай думкі прытрымліваецца і ўчастковы інспектар міліцыі Валерый Вячаслававіч Міснікевіч. У органах унутраных спраў ён працуе 18 гадоў, больш за 10 з якіх накіроў­вае асоб, залежных ад спіртнога, у лячэбна-працоўны прафілакторый.

— Усе меры, якія прымаюцца міліцыяй да такіх людзей, ставяць сваёй мэтай не пакараць, а прадухіліць злачынствы, якія здзяйсняюцца на гэтай глебе: крадзяжы, хулі­ганства, насілле ў сем’ях, забойствы і іншыя, — гаварыў Валерый Вячаслававіч.

Працягнуць руку дапамогі

Адказ, што рабіць тым, хто пакутуе ад хатняй тыраніі, не ведае, дзе прытуліцца, каб не трапіць пад гарачую руку агрэсара, падказала загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знахо­джання інвалідаў ТЦСАН Вольга Алегаўна Гінько:

— На базе нашага цэнтра функцыянуе «крызісны пакой». Ён прадастаўляецца асобам, якія знаходзяцца ў канфліктных адносінах з дамачадцамі, сталі ахвярамі насілля альбо гандлю людзьмі, апынуліся ў іншых цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Падчас знаходжання ў «крызісным пакоі» (а час неабмежаваны) пацярпелым аказваецца кваліфікаваная псіхалагічная, юрыдычная, рэабілітацыйная і сацыяльная дапамога. Усе гэтыя і іншыя паслугі бясплатныя. Адзінае, чым не забяспечваем пастаяльцаў, — прадукты харчавання, лекавыя сродкі і прадметы асабістай гігіены. У працоўныя дні з 8.00 да 17.00 па дапамогу звяртайцеся па тэл.: 2-40-67 і 2-40-70, кругласутачна — 4-10-02.

Пра тое, што ў раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа заўсёды гатовыя аказаць матэрыяльную падтрымку ў выглядзе адзення, абутку, харчовых набораў, а таксама проста выслухаць, паведаміла яе старшыня Таццяна Мікалаеўна Шахава. Офіс арганізацыі знаходзіцца ў будынку райвыканкама, на першым паверсе, кабінет №15.

Шчырым і пранізлівым атрымалася выступленне …

Вераніка ФІЛАНОВІЧ

(Працяг матэрыяла чытайце на 3-ай старонцы № 27 газеты “Пастаўскі край” ад 7 красавіка 2018 г.)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.