«Нефармат» аказаўся ў фармаце


У мінулую суботу ў СШ №2 г. Паставы адбылося дэбютнае выступленне маладзёжнай групы «Нефармат», створанай з ліку лепшых вучняў музычнай студыі пад кіраўніцтвам фронтмэна ВІА «Скіфы» Віктара Верацельнікава.

Гэта група з’явілася на свет усяго каля трох месяцаў назад. У яе ўвайшлі старшакласнікі першай і другой гарадскіх школ, а таксама Варапаеўскай СШ Ілья Ясюковіч, Анжаліка Дзісько, Даша Рамановіч, Вераніка Кантаржэўская і Іра Казаровец. Трое з пяці ўдзельнікаў з’яўляюцца навучэнцамі СШ №2, таму не дзіўна, што ў якасці першай канцэртнай пляцоўкі была выбрана менавіта названая вышэй школа. У далейшым жа юныя музыканты плануюць выступіць у іншых гарадскіх і сельскіх школах.

Паколькі калектыў зусім малады, у яго рэпертуары ўсяго шэсць песень, якія і былі вынесены на суд слухачоў. У ролі апошніх выступілі не толькі аднакласнікі і сябры «нефарматаўцаў», але і іх бацькі, а таксама настаўнікі на чале з дырэктарам другой школы Ігарам Анатольевічам Мадвейкам. Яны бурнымі апладысментамі суправаджалі ўсе музычныя кампазіцыі — і шлягеры савецкага перыяду «Звезда по имени Солнце» культавай рок-групы «Кино», «Позади крутой поворот» Анне Вескі, і малавядомыя «Кахаеш», «Три полоски», «Ни о чём не жалей» гуртоў «Perfect life», «Энимал Джаз» і «Круг». А песню «Тры чарапахі» папулярнай беларускай рок-групы «N.R.M.» нават папрасілі выканаць на біс.

У канцы невялікага канцэрта на імправізаваную сцэну выйшаў І. А. Мадвейка, які ад імя ўсіх прысутных падзякаваў артыстам-пачаткоўцам за выступленне, пажадаў далейшых поспехаў, працягваць займацца музыкай і дарасці да вялікіх канцэртных пляцовак. А Віктар Верацельнікаў запрасіў школьнікаў у сваю студыю і маладзёжны калектыў, двое прадстаўнікоў якога сёлета заканчваюць 11 клас і неўзабаве пакінуць «Нефармат». Думаецца, пасля тура па школах жадаючых трапіць у яго прыбавіцца.

Тэкст і фота Алены ШАПАВАЛАВАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.