Пакарылі журы і гледачоў

Общество

На першым этапе конкурсу «Сям’я — крышталь грамадства», які штогод праводзіцца Узброенымі Сіламі Беларусі сярод маладых ваеннаслужачых, пастаўчане Сяргей і Анастасія Цепляковы прызнаны найлепшай парай.

Творчыя спаборніцтвы праходзілі на базе 49-й радыётэхнічнай брыгады ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны ў Мачулішчах. Удзельнічалі ў іх чатыры сям’і са Смаргоні, Пастаў, Полацка і вёскі Трабы. Падчас чатырох конкурсных этапаў яны дэманстравалі свае таленты, артыстызм, знаходлівасць, згуртаванасць.

Ярка і маляўніча прэзентаваць сваю сям’ю канкурсантам неабходна было ў «Візітнай картцы», расказаць пра службу, захапленні і малую радзіму — у эсэ «Мой родны кут, як ты мне мілы!..», уразіць талентам — у творчым конкурсе, кулінарнымі здольнасцямі — у гастранамічным. Што ўсім сямейным парам і ўдалося зрабіць. А найлепш — аператыўнаму дзяжурнаму каманднага пункта 1-га радыётэхнічнага цэнтра Сяргею Цеплякову і яго жонцы Насці, якая працуе медыцынскай сястрой хірургічнага аддзялення 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы.

Заваёўваць сімпатыю журы і гледачоў Сяргею і Анастасіі дапамагаў іх двухгадовы сынок Раман. Хлопчык паказаў сябе сапраўдным артыстам: не баяўся выходзіць на сцэну, з задавальненнем спяваў і танцаваў. На ўра быў успрыняты і фаршыраваны шчупак, якога Цепляковы прэзентавалі ў якасці фірменнай сямейнай стравы. Яна ўсім спадабалася не толькі за знешні выгляд і смакавыя якасці, але і за тое, што галоўны інгрэдыент галава сям’і здабыў сам — Сяргей Яўгеньевіч — заўзяты рыбак.

— Раней мы ў конкурсах не ўдзельнічалі, таму перад паездкай у Мачулішчы хваляваліся, асабліва перажывалі, як будзе паводзіць сябе наш сынок, — успамінаюць Цепляковы. — Але ўсё склалася найлепшым чынам. Вельмі абрадаваліся перамозе. І ў цэлым ад спаборніцтваў атрымалі безліч станоўчых эмоцый. Цяпер рыхтуемся да наступнага этапа — абнаўляем і ўдасканальваем рэпертуар.

Другі этап конкурсу адбудзецца паміж часцямі ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны ў бягучым месяцы. Калі пастаўчанам пашчасціць і ў ім, то яны змогуць паспрачацца за права называцца найлепшай сям’ёй ваеннаслужачых Узброеных Сіл Беларусі на заключным, трэцім, этапе.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.