Памятаю Савічы такімі

2018 год — Год малой радзімы Общество

З дзіцячых і юнацкіх гадоў мой лёс звязаны з Савічамі. Мама, Гелена Вікенцьеўна Януковіч, нарадзілася тут у 1909 годзе і жыла ў Савічах да замужжа. Бацькі рана памерлі, і яе выхавалі, вывучылі і выдалі замуж у вёску Труханкі старэйшыя браты. З сабой яна прынесла і сваю савіцкую культуру: уменне з густам апранацца, далікатна размаўляць, тактоўна сябе паводзіць. Умела жартаваць, прыгожа спяваць і танцаваць, кулінарыць. Памятаю, як да мамы аднавяскоўкі ішлі па парады. Да таго ж яна была вядомай швачкай, магла падказаць фасон сукенкі і акуратна яе пашыць. Любіла чытаць, а потым пераказвала прачытанае суседкам.

Савіцкая моладзь умела адпачываць. З дзяцінства ведаю пра гэта ад мамы, якая была актыўнай удзельніцай спектакляў. Расказвала, як ездзіла на гастролі ў Варшаву, як старэйшыя браты і яна сама збіралі грошы на паездку, а свае ўражанні пра тое далёкае падарожжа пранесла праз усё жыццё. Вось чаму Савічы для яе былі ўзорам культуры, дзе і моладзь цягнулася да ведаў, і было з каго браць прыклад, бо ў вёсцы былі школа, фельчар і яшчэ многа чаго.

Калі ў нашай сям’і паўстала пытанне, дзе мне прадаўжаць вучобу, адназначна выбралі Савіцкую сярэднюю школу. Памятаю прыгожы двухпавярховы будынак (нідзе ў вёсках такога не было), маладых настаўнікаў, аднакласнікаў. А якія тэматычныя вечары, спартыўныя спаборніцтвы праводзілі! І працавалі: на прышкольным участку, у тагачасным саўгасе “Пастаўскі” праходзілі практыку па агародніцтве. Ніхто нас туды не вазіў, самі ездзілі на веласіпедах. Усё ў той час было лёгка, весела, дружна.

Жыла я ў доме мамінага брата Антося Януковіча і яго жонкі цёткі Зосі. Яны мяне гадавалі, выхоўвалі, клапаціліся як пра родную (сваіх дзяцей у іх не было, ажаніліся ў пажылым узросце).

А было так. Цётку Зосю ў гады вайны вывезлі ў Германію. Калі вярнулася дадому, не было дзе жыць. Бацькоўская хата ў вёсцы Сарочына згарэла, брат з братавай загінулі, у роднай сястры была свая вялікая сям’я. Дакладна не ведаю, як так здарылася, што цётка Зося апынулася ў Труханках у нашай сям’і, у якой было чацвёра дзяцей, а я — самая малодшая. Мама хварэла, і цётка Зося даглядала дзяцей, дапамагала па гаспадарцы. Я вельмі яе любіла. Калі мне прыйшла пара ісці ў школу, цётка Зося пераехала ў Паставы, дзе працавала на цагельным заводзе. Праз некалькі гадоў яна выйшла замуж за брата маёй мамы Антося. І яны прынялі мяне ў Савічах як родную.

Ганаруся, што маю ў сабе часцінку культуры, далікатнасці, такту, якія з даўніх гадоў перадаваліся ў Савічах з пакалення ў пакаленне.

Галіна КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.