Папаўняць старонкі гісторыі


Адбылося чарговае пасяджэнне грамадскага клуба “Жывая гісторыя”. Нагадаю, што ён створаны пры раённым краязнаўчым музеі па ініцыятыве яго кіраўніцтва і раённага савета ветэранаў.

Імкліва бяжыць час, адыходзяць у іншы свет людзі, многае сціраецца з памяці. Але старонкі гісторыі павінны папаўняцца і служыць урокам для маладога пакалення. За плячыма членаў клуба жыццё, багатае на падзеі, сустрэчы з цікавымі асобамі. На пасяджэнні было шмат успамінаў.  Праходзіла яно па традыцыі ў адной з залаў філіяла музея, які размешчаны ў падвальным памяшканні палаца Тызенгаўзаў. Вялася канструктыўная, зацікаўленая размова, распрацоўваўся план далейшай работы. Шмат прапаноў унеслі Ала Эдмундаўна Кейзік, Ганна Францаўна Літвіновіч, Наталля Мікалаеўна Булавінцава, Раіса Леанідаўна Курачэнка і іншыя. У прыватнасці, у Год малой радзімы запланавана правесці сустрэчы з аўтарамі кніг пра вёсачкі нашага раёна, запрасіць на іх тых, каму прысвечаны выданні.

Плануецца рад сустрэч з ветэранамі прадпрыемстваў, арганізацый, з тымі, хто ў свой час унёс важкі ўклад у іх станаўленне і развіццё. Да праекта падключыцца і раённая газета. А першым будзе маршрут у ААТ “Хацілы-агра”, першапачаткова невялікую, але эканамічна моцную гаспадарку, да якой паступова далучалі слабыя калгасы. Непасрэдную дапамогу пры падрыхтоўцы матэрыялаў абяцаў аказаць былы старшыня калгаса Пётр Міхайлавіч Розынка.

Радуе, што многія пастаўчане, якія цяпер жывуць далёка за межамі раёна, цікавяцца не толькі жыццём землякоў, але і справамі прадпрыемстваў, арганізацый. У раённы савет ветэранаў звярнуўся нядаўна сын С. П. Касценіча. Старэйшае пакаленне добра ведае Сцяпана Пятровіча. Ён у свой час амаль дзесяць гадоў узначальваў былы калгас імя Мічурына (цяпер ААТ “Хацілы-агра”), працаваў ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі райвыканкама. Сын хоча сустрэцца з былымі калегамі бацькі, з тымі, хто яго добра ведаў, і паслухаць успаміны пра дарагога чалавека.

Яшчэ адна прапанова паступіла ад дачкі Н. М. Захарэвіч — былой настаўніцы СШ №2, вядомай мясцовай паэтэсы. Сёлета Ніне Маркаўне споўнілася б 85 гадоў. Таму ёсць ідэя правесці творчы вечар нашай зямлячкі.

У краязнаўчым музеі запланаваны шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да 70-годдзя з дня нара­джэння былога старшыні райвыканкама Васілія Васільевіча Чэпіка. Таму работнікі музея будуць рады, калі пастаўчане падзеляцца фотаздымкамі, на якіх прысутнічае былы кіраўнік раёна, успамінамі пра гады сумеснай работы.

Выказана пажаданне пабываць у некаторых славутых мясцінах не толькі свайго раёна, але і пабачыць змены ў іншых прыгожых куточках Беларусі. У бліжэйшы час будуць распрацаваны экскурсійныя маршруты.

Назірала за дыскусіяй членаў клуба. Колькі ініцыятывы, колькі энту­зіязму для таго, каб выканаць запланаванае! Упэўнена, у іх усё атрымаецца. Бо гэта людзі не толькі слова, але і канкрэтнай справы.

Анна АНІШКЕВІЧ



2 комментария по теме “Папаўняць старонкі гісторыі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.