Пастаўскія кааператары пазіцый не здаюць

Общество

Знаёмцеся — першы намеснік старшыні праўлення раённага спажывецкага таварыства, лаўрэат звання «Чалавек года Пастаўшчыны-2017» Ганна Мечыславаўна Сянько. Наша размова з ёй — пра працу, сям’ю, жыццёвыя каштоўнасці.

— Вы сталі лаўрэатам звання «Чалавек года Пастаўшчыны-2017». Вашы эмоцыі ў сувязі з гэтым?
— Найперш радасць за ўвесь калектыў, бо гэта адзнака не толькі маёй асабістай працы, а ўсёй спажыўкааперацыі раёна. Прыемна, што ганаровае званне атрымала на роднай зямлі, дзе нарадзілася, вырасла і працую, а таксама, што дыплом  уручыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Васільевіч Чэпік, станаўленне якога як моцнага кіраўніка таксама адбылося на пастаўскай зямлі. Вельмі прыгожым атрымалася само ўшаноўванне найлепшых людзей працы. Мне асабіста яно дало зарад энергіі на будучае.

— Як сталі работнікам гандлю?
— У школьныя гады марыла стаць настаўніцай, бо перад вачыма было шмат яркіх прыкладаў адданасці гэтай прафесіі. А калі з сяброўкамі сабраліся ехаць  у Віцебск падаваць дакументы ў педінстытут, аказалася, што ў мяне няма медыцынскай даведкі. Сяброўкі паехалі, а я засталася і за адну ноч прыняла рашэнне —паступаць у інстытут народнай гаспадаркі імя Куйбышава. Гэта была вельмі прэстыжная на той час навучальная ўстанова, конкурс заўсёды высокі. Цётка Ванда, якая закончыла гэты інстытут, адгаворвала мяне, раіла не рызыкаваць. Але я завяршыла Валкоўскую сярэднюю школу з залатым медалём і вырашыла даказаць, што маю сапраўды трывалыя веды. Даказала! Матэматыку здала на «пяць» (залатыя медалісты здавалі толькі адзін экзамен) і была залічана. Гады вучобы ў інстытуце помняцца да гэтага часу.

— Як даўно працуеце ў спажыўкааперацыі?
— З 1985-га, пасля заканчэння інстытута. У спісе на размеркаванне я ішла восьмай са ста выпускнікоў нашага гандлёва-таваразнаўчага факультэта, магла выбраць любы горад. Камісія не хацела накіроў­ваць мяне ў Паставы, але адгэтуль было хадайніцтва, ды і сама рвалася, бо тут чакаў каханы чалавек і я збіралася замуж. Пачынала інструктарам па кадрах райспажыўтаварыства. Праз два месяцы перавялі таваразнаўцам-рэалізатарам на аптова-гандлёвую базу, яшчэ праз два месяцы была назначана на пасаду намесніка дырэктара базы. Кажуць, ёсць школа маладога байца. Я прайшла школу маладога спецыяліста. Дырэктарам аптова-гандлёвай базы на той час была Алена Міхайлаўна Бірук — вельмі кваліфікаваны кіраўнік не толькі ў тым, што датычыла сферы гандлю, але і ўвогуле шырока эрудыраваны чалавек. Вось яна і навучыла мяне працаваць, за што я ёй бязмежна ўдзячная. Дзесяць гадоў мы ішлі з ёй плячо ў плячо і стараліся ніколі не падставіць адна адну.  Калектыў базы быў дружны і згуртаваны. Заўсёды імкнуліся быць лідарамі, і гэта ў нас атрымлівалася. Умелі не толькі працаваць, але і адпачываць, бо былі маладыя, прыкладна аднаго ўзросту. З задавальненнем назаву прозвішчы тых, побач з кім працавала і працую зараз. Гэта бухгалтары Ганна Хаткевіч і Святлана Бардзюжа, эканаміст Ірына Леўкавец, таваразнаўцы Марына Ціхаступ, Таццяна Лашчотка, Валянціна Віннік, кладаўшчыкі Антаніна Філіпава і Жанна Праліч, аператар АВМ Святлана Гайчанка. Зладжана і ўпэўнена працаваў калектыў базы і тады, калі яго ўзначаліла Ніна Лявонцьеўна Вялічка, хаця было і нямала цяжкасцей пасля далучэння да базы Дунілавіцкага і Лынтупскага спажывецкіх таварыстваў, а пасля і розніцы.

— Такім чынам, увесь ваш працоўны шлях звязаны з райспажыўтаварыствам?
— Не. У 2001 годзе перайшла ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. На базе было шмат камандзіровак, і я захацела спакайнейшай работы, каб мець больш часу на сям’ю — яшчэ зусім невялікім быў сын. Колькі я сябе ні пераконвала, што мне падабаецца новае месца работы, але гэта было не так. І я вярнулася ў сістэму — 9 верасня 2003 года была назначана начальнікам гандлёвага аддзела райспажыўтаварыства. І зноў пашанцавала на настаўніка — намесніка старшыні рай­спажыўтаварыства па гандлі Ганну Пятроўну Дунец. А ў 2004-ым мы з ёй памяняліся пасадамі, бо менавіта мяне Ганна Пятроўна бачыла сваёй пераемніцай. Аўтарытэт у яе быў вялікі, работу паставіла на высокім узроўні, імідж Пастаўскага райспажыўтаварыства быў прызнаны не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Вельмі перажывала, каб не падвесці, але, здаецца, усё атрымалася.

— Зараз спажыўкааперацыя краіны перажывае не лепшыя часы. Як пастаўчанам удаецца трымацца на плаву?
— Выжываць дапамагаюць кампетэнтнасць нашых спецыялістаў. Шмат гадоў райспажыўтаварыства ўзначальвае вельмі граматны, ініцыятыўны, прадпрымальны і дальнабачны кіраўнік — Рыгор Арсенцьевіч Леўкавец, які з’яўляецца заслужаным работнікам сферы абслугоўвання Рэспублікі Беларусь. Ён, як вопытны і спрактыкаваны капітан карабля, цвёрда вядзе за сабой калектыў у 780 чалавек. Пастаўчане заўсёды імкнуліся і імкнуцца ўкараняць усё перадавое, што ёсць на гандлёвых прадпрыемствах краіны розных форм уласнасці. Шукаем новых пастаўшчыкоў і наладжваем новыя ўзаемаадносіны з імі, стараемся насыціць свае прадпрыемствы якасным і канкурэнтаздольным таварам. А канкурэнцыя вельмі высокая. Не толькі гараджан, але і вяскоўцаў, акрамя нас, абслугоўваюць «Гіпермол», «ХХІ стагоддзе», інтэрнэт-магазіны. На сённяшні дзень наша райспажыўтаварыства мае самую высокую ў краіне ўдзельную вагу ў рознічным тавараабароце прадукцыі ўласнай вытворчасці, якая дасягае 30 працэнтаў, а на асобных гандлёвых прадпрыемствах — яшчэ больш. Маем свае хлебазавод, мясаперапрацоўчы комплекс, квасільна-засолачны цэх. Наша прадукцыя якасная і карыстаецца шырокім попытам. Яе рэалізуем у розных гарадах краіны праз прадпрыемствы не толькі спажыўкааперацыі, але і такіх буйных гандлёвых сетак, як «Еўраопт», «Карона», «Віцебскія прадукты», «Веста». Актыўна ўдзельнічаем у кірмашах, што праводзяцца ў сталіцы і абласным цэнтры, а таксама выязджаем у гэтыя гарады на прадпрыемствы. Актыўная форма гандлю штогод дае нам дадаткова 1,5 мільёна рублёў тавараабароту. Заўсёды памятаем пра сацыяльную накіраванасць нашай работы. Дзесяць аўтамагазінаў абслугоўваюць 350 населеных пунктаў раёна, у 59-ці з якіх пражывае менш за тры чалавекі. Аўтамагазіны для нас стратныя, але мы  не можам пакінуць без абслугоўвання вяскоўцаў, якія ўсё сваё жыццё аддалі працы на зямлі.

— А як паўплывала далучэнне да Пастаўскага райспажыўтаварыства часткі гандлёвых прадпрыемстваў Браслаўшчыны?
— Нам было перададзена 13 гандлёвых прадпрыемстваў і 6 — грамадскага харчавання суседняга раёна. Ёсць складанасці. Першая — гэта аддаленасць ад Пастаў. Калі па ўсіх кропках развезці тавар, то плячо дастаўкі складзе 150 кіламетраў. Другая — ля ўсіх гандлёвых прадпрыемстваў, якія мы прынялі на Браслаўшчыне, праходзяць маршруты аўтамагазінаў «Еўраопта». Аднак мы вырашылі не здавацца і ўзяліся за справу, тым больш што кадры там былі. Дзе патрабаваўся, зрабілі рамонт, насыцілі магазіны таварам, і сёння яны працуюць з прыбыткам. Напярэдадні каталіцкага Вялікадня  адкрылі магазін у вёсцы Мяжаны, дзе пражывае 178 чалавек.

  — Рэкламуеце тавары беларускіх вытворцаў. А якія купляеце самі?
  — 93 працэнты тавараў, якія рэалізуюцца праз нашу сістэму, — беларускай вытворчасці. Я патрыёт сваёй краіны, таму аддаю перавагу беларускім як харчовым, так і прамысловым таварам. Цаню іх за высокую якасць.

— 2018-ы аб’яўлены ў Беларусі Годам малой радзімы. Што яна для вас значыць?
— Мая малая радзіма — вёска Валкі нашага раёна. Гэта самае дарагое і светлае месца на зямлі. Расла сярод працавітых, добрых і мудрых людзей, якія разумелі іншых і імкнуліся падтрымліваць адно аднаго. Малая радзіма асацыіруецца са школай. У Валках працавалі мудрыя і таленавітыя настаўнікі. Цвёрдую дысцыпліну трымаў і вучыў нас нямецкай мове дырэктар школы Мяфодзій Ула­дзіміравіч Касяк. Цікава вяла ўрокі беларускай мовы і літаратуры яго жонка Людміла Уладзіміраўна. Матэматыкі Галіна Віктараўна і Мар’ян Віктаравіч прывілі мне любоў да свайго прадмета. Школьная загартоўка дапамагала ў студэнцкія гады і ў далейшым жыцці. А з аднакласнікамі мы сустракаемся праз кожныя пяць гадоў.

— Раскажыце, калі ласка, пра сваіх бацькоў.
— Звычайныя вясковыя людзі. Тата працаваў аграномам у калгасе, мама — поварам у школьнай сталовай. Яны далі мне жыццё, навучылі дабрыні, справядлі­васці, працавітасці. Таты няма на гэтым свеце ўжо 12 гадоў, а мама, якой 82, на цяперашні момант жыве са мной, але рвецца на лета ў сваю хату ў Валкі.  Шмат чаго я пераняла таксама ад сваіх бабулі і дзядулі, у якіх расла да 14 гадоў. Колькі цеплыні і любові бачыла ад іх!

 — А хто яшчэ з’яўляецца для вас прыкладам у жыцці?
 — З ранняга дзяцінства і да гэтага часу — цётачка Ванда (Ванда Фердынандаўна Януковіч — былы кіраўнік Пастаўскага раёна, дэпутат Палаты прадстаў­нікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — аўт.). У яе вучылася і вучуся працавітасці, настойлівасці, жыццёвай мудрасці, адданасці людзям і роднай зямлі. Яна для мяне — ідэал жанчыны.

— Ці складана быць дзелавой жанчынай?
— Ніколі не задумвалася над гэтым. Проста працую на кіраўніцкай пасадзе і добрасумленна выконваю свае абавязкі. А галоўнае для мяне, як і для кожнай жанчыны, — сям’я, дзеці.

— Вось і раскажыце пра сваіх дзяцей.
— Іх у мяне двое. Дачка Лена — банкаўскі работнік, зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску. Яна выйшла замуж за азербайджанца. Мне няпроста было прыняць выбар дачкі — хлопец іншай нацыянальнасці, мусульманскай веры. А зараз не магу нацешыцца зяцем. У іх трое дзетак: сямігадовая Нарміна, чатырохгадовы Тэймур і дзевяцімесячная Аміна. Самір — любячы і клапатлівы муж і цудоўны тата. Я часта бываю ў іх, баўлюся з любімымі ўнукамі, насычаюся станоўчай энергетыкай. Сын Дзіма працуе на малочным заводзе. Сям’ю ён стварыў зусім нядаўна, і я рада за маладажонаў. Усё ў іх складваецца добра, у вачах абаіх бачу каханне.

— На чым, на вашу думку, трымаецца сям’я?
— Лічыла і лічу, што сям’ю трэба ствараць толькі па каханні. Адналюбамі былі мае бацькі. Такая ж і я сама, у шлюбе ўжо 33 гады. Чалавек, які не зведаў у жыцці кахання, не можа быць шчаслівым.  Калі кахаеш, то можна пераадолець усё. А яшчэ заўсёды памятаю словы сваёй бабулі: на чужым няшчасці шчасця не пабудуеш. Ведаю жанчын, якія спрабавалі гэта зрабіць, але шчаслівымі не сталі.

— А ці верыце ў жаночую дружбу?
— Веру! У мяне ёсць сяброўка Святлана, разам з якой пачыналі працаваць у сістэме спажыўкааперацыі. Зараз яна далёка — у Маскве, але мы падтрымліваем цесныя сувязі па тэлефоне, скайпе, два разы на год яна прыязджае ў Паставы, і тады бачымся штодня. Менавіта ў яе я навучылася пераадольваць цяжкасці, якія здаюцца непасільнымі. Ёсць у мяне блізкія сяброўкі і ў Паставах. Гэта Валянціна Мядзелка і Антаніна Філіпава, разам з якімі ў свой час працавала на базе.

— Ці здараліся ў вас хвіліны адчаю?
— Здараліся, і неаднойчы. Перажыла нямала драматычных падзей. Паратунак знаходжу ў храме. Малюся, прашу, каб Бог даў мне сілы выстаяць. Ведаю, што на ўсё Яго воля. Вучуся з пакорай прымаць выпрабаванні, што пасылае лёс. Кожны год стараюся бываць у паломніцкіх паездках па святых мясцінах Расіі і Беларусі, і гэта ўмацоўвае дух. А ўвогуле, даражу жыццём і ўсімі роднымі мне людзьмі.

Гутарыла Фаіна КАСАТКІНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.