Павесялілі гледачоў


Святы адзначаюць па-рознаму: наведваюць храмы, сустракаюцца з роднымі і сябрамі за святочным сталом, едуць у гарадскія забаўляльныя цэнтры. Але і на сваёй малой радзіме можна цікава адпачыць. Мы, работнікі Камайскага сельскага Дома культуры, заўсёды імкнёмся падрыхтаваць нешта незвычайнае для сваіх землякоў.

На Пасху жыхароў Камай чакала прэм’ера спектакля «Як мужык жонку шукаў». Камедыю паставілі паводле п’есы Марыны Танона і Наталлі Каравацкай, якую яны напісалі шмат гадоў назад. Сама­дзейным артыстам народнага аматарскага тэатра «Сваякі» было весела самім падчас рэпетыцый, імкнуліся данесці гумар і гледачам.

Галоўную ролю — прадпрымальнага мужычка Васіля, аматара выпіць — удала выканаў Юрый Плюта. Увогуле, Юрый Мар’янавіч вельмі сціплы і інтэлігентны, добры сем’­янін, займае пасаду намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Камайскі-агра». І, зразумела, яму цяжка было знайці вольны час для рэпетыцый, ды яшчэ выканаць ролю недарэкі. Вя­лікая падзяка яму за тое, што падтрымлівае нас і актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах.

Нельга не адзначыць яшчэ адну нашу «зорку» — Эмілію Паўлаву, якая, не перабольшваю, цудоўна можа выканаць любую гумарыстычную ролю. Пасля сутачнага дзяжурства ў Камайскай бальніцы жан­­чына мае сілы і жаданне прыйсці на рэпетыцыі, зараджаць сваім пазітывам і талентам. Роляй Свацці Эмілія пакарыла гледачоў. Яркім і адметным атрымаўся Дамавік у выкананні Кацярыны Дзісько — бібліятэкара Камайскай бібліятэкі. Анастасія Невядомская па прафесіі прадавец, добразычлівая, ветлівая, змагла справіцца з роляй эгаістычнай і сквапнай Красуні. Тры нашы таленавітыя прыгажуні — Ліяна Каравацкая (Наста, жонка Васіля), Алена Кашаева (Скнара), Наталія Сміль­гін (іншаземная нявеста) — парадавалі гледачоў бліскучай ігрой.

Прэм’ера спектакля «Як мужык жонку шукаў» адбылася, і спадзяёмся, што камедыя не раз яшчэ парадуе гледачоў. А самадзейныя артысты народнага аматарскага тэатра «Сваякі» з кожным выхадам на сцэну будуць набываць яшчэ больш вопыту і раскрываць свае таленты.

Галіна БРАЗЮЛЬ, дырэктар Камайскага СДК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.