Поспех працай здабываецца

Сельское хозяйство

Юрый Казаровец, Валерый Татун і Яўгеній Пачкоўскі

Сельгаспрадпрыемства “Ляхаўшчына-агра” стабільна атрымлівае нядрэнны ўра­джай зерневых і зернебабовых. Яго аснова закладваецца падчас пасяўной. Таму і імкнуцца хлебаробы не дапускаць ніякіх пралікаў і недапрацовак. Добры падмурак ствараюць з восені, не ўпускаюць спрыяльных тэрмінаў вясной.

Знайсці поле, дзе вядуцца асноўныя палявыя работы,  змаглі па заслоне пылу. “Надвор’е стаіць сонечнае і ветранае, глеба хутка перасыхае, — тлумачыў намеснік дырэктара Віктар Іванавіч Раманчук. — Таму трэба старацца, каб адсеяцца ў аптымальныя тэрміны. Хаця ёсць яшчэ палі з вымачынамі. Тыя месцы будзем дасяваць пазней. А дажджу патрабуюць травы ды  тыя ўчасткі, дзе насенне загарнулі ў глебу ў ліку першых”.

Пасяўная ў Ляхаўшчыне пачалася з непрадбачанай сітуацыі — захварэла галоўны аграном Марына Мечыславаўна Галубёнак. Уся адказнасць за правядзенне кампаніі лягла на плечы намесніка дырэктара. Папрасілі дапамагчы загадчыцу склада Наталлю Лукашэвіч.

Першыя гектары ў гаспадарцы засеялі лубінам. Ён заняў 150 га. Гэта культура багатая бялком, які неабходны жывёле. Увогуле кармавой базе тут надаецца асаблівая ўвага. Вядзецца падсеў шматгадовых траў. На 110 гектарах трэба пасеяць аднагадовыя. Правялі падкормку сенакосаў і пашы. Важная задача — падсілкаваць азімыя. Гэтай справай займаўся Віктар Касцевіч. На яго рахунку амаль 500 гектараў.

Але вернемся да сяўбы яравых. Згодна з планам, яе трэба правесці больш чым на 1200 гектарах. 550 з іх зоймуць зернебабовыя, па 100 — лён,  авёс і пшаніца, 260 — кукуруза, 370 — рапс. Ім якраз і засяваў поле ля Шчотак Георгій Зелянкевіч. Механізатар быў заклапочаны, бо толькі пасля рамонту, з-за якога страціў некалькі гадзін, і цяпер дарагая кожная хві­ліна. Георгій Вацлававіч — механізатар вопытны, надзвычай старанны, ведае палі і тонкасці сяўбы.

Георгій Зелянкевіч

З другой сеялкай рупіцца малады Валерый Татун. “У мінулыя гады быў не асноўным сеяльшчыкам, — расказваў. — Так, крыху дапамагаў. Сёлета адказнасць большая. Галоўнае, што ёсць паліва. Калі здарыцца паломка, стараемся хутка яе ліквідаваць”.

Той, хто далёкі ад сельскай гаспадаркі, напэўна, думае: у чым складанасць пасяўной? Запраўляй насенне ў глебу — і ўсё. А яго ж трэба апрацаваць ад хвароб і шкоднікаў, узараць поле, унесці ўдабрэнні, зачызеляваць або задыскаваць. І толькі пасля гэтага сеяць. На асноўных палявых работах на СП “Ляхаўшчына-агра” заняты больш за 10 механізатараў. Нагрузка на кожнага вялікая.

З плугамі працуюць Андрэй Емяльянчык і Аляксандр Татун, які праходзіць у гаспадарцы вытворчую практыку, з дыскапакамі  — Генадзій Казакевіч і Аляксандр Кабайла. Знаёмімся з маладымі механізатарамі на трактарах з чызелямі.

— Яўгеній Пачкоўскі, — прадстаўляецца першы. — Родам з суседняга раёна. Працаваў там у райаграсэрвісе. Ні работы, ні зарплаты. Прачытаў аб’яву ў раённай газеце, што “Ляхаўшчыне-агра” патрабуюцца механізатары. Вырашыў паспрабаваць. Многія землякі сюды значна раней уладкаваліся. Чуў добрыя водгукі. У мяне за плячыма толькі месяц работы. Атрымаў разліковы лісток — усё задавальняе”.

Няма прэтэнзій да навічка і ў кіраўніцтва гаспадаркі.

Юрый Казаровец пераехаў у Ляхаўшчыну паўтара года таму з Варапаева — прывабіла магчымасць атрымаць жыллё.

— Работы ў полі вядуцца актыўна, — прадаўжаў В. І. Раманчук. — Працоўны дзень пачынаецца ў 7 і заканчваецца ў 8 вечара. Людзі на пэўны час забываюць пра выхадныя дні. Гарачым харчаваннем, падвячоркамі забяспечваем. Хлебаробам не прывыкаць працаваць у такім тэмпе. Усе разумеюць, што пагодлівы дзень трэба выкарыстоўваць спаўна.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.