Са спадарожным ветрам у ветразях

Здравоохранение

Зона прыёму адпачывальнікаў.

На мінулым тыдні ў абласным дзіцячым рэабілітацыйным аздараўленчым цэнтры «Ветразь» адбыўся заезд чарговай змены. 173 хлопчыкі і дзяўчынкі на працягу 21 дня пройдуць тут разнастайныя лячэбныя працэдуры, адпачнуць і проста весела правядуць час. Якія новыя рэабілітацыйныя методыкі і ўражанні прапануюць ім супрацоўнікі цэнтра, даведалася і карэспандэнт раёнкі.

З Віцебскай вобласці, і не толькі
На першым паверсе адміністрацыйнага корпуса сустракае галоўны ўрач установы Сяргей Юрыевіч Петухоў і прапануе наступны фармат размовы: тое, што немагчыма паказаць, абмеркаваць у кабінеце, астатняе — у форме экскурсіі. Пагаджаюся і першым чынам прашу расказаць пра выйграныя тэндары. Справа ў тым, што на момант свайго адкрыцця, а адбылося гэта ў 2004 годзе, рэабілітацыйны цэнтр быў разлічаны на 250 адпачывальнікаў. Праз дзесяць гадоў прайшла аптымізацыя ложкавага фонду. У выніку яе засталося 110 бюджэтных месцаў, астатнія былі пераведзены ў разрад пазабюджэтных. Адразу паўстала пытанне пра іх загрузку, якое вырашалася па-рознаму. І вось у снежні мінулага года, дзякуючы перамозе ў тэндарах, з’явіліся новыя варыянты.

— У тэндарах цэнтр удзельнічаў і раней, але, на жаль, безвынікова. Зараз перамаглі адразу ў дзвюх конкурсных пазіцыях, — дзяліўся радаснай навіной Сяргей Юрыевіч. — Па-першае, у кожным заездзе ў суправа­джэнні чатырох педагогаў тут адпачываюць 57 дзяцей, якія пражываюць на тэрыторыях, пацярпелых ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Па-другое, мы зможам прымаць па шэсць дзетак з усёй краіны, якія маюць патрэбу ў рэабілітацыі і пастаянным суправаджэнні дарослага. Для хлопчыкаў і дзяўчынак пуцёўкі бясплатныя. Затое грошы за іх Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва будзе пералічваць на рахунак «Ветразя».

Пазабюджэтныя сродкі пойдуць на далейшае развіццё ўстановы: набыццё абсталявання, вучобу персаналу, добраўпарадкаванне. У прыватнасці, за заробленыя грошы ўжо з нуля абсталяваны кабінет эргатэрапіі, набыта кінезітэрапеўтычная ўстаноўка, абноўлена мэбля, адкрыты магазін, уведзена парадку 12 працоўных месцаў і іншае. Акрамя пералічанага, гэта яшчэ і рэсурс для павышэння зарплаты супрацоўнікаў. Тэмп яе росту летась склаў 111% у параўнанні з 2016-ым. 

Падчас летніх канікул аздараўленне ў «Ветразі», магчыма, пройдуць і навучэнцы Санкт-Пецярбуржскай прыватнай матэматычнай школы. Зараз наконт гэтага вядуцца перамовы. Кантакты з прадстаўнікамі паўночнай сталіцы Расіі наладжаны ў мінулым годзе. Тады за два заезды ў цэнтры адпачылі 220 дзяцей.

Не летні лагер альбо санаторый, а рэабілітацыйны цэнтр
Менавіта ў такім статусе бачыць у бліжэйшай перспектыве «Ветразь» яго кіраўнік,  пра што і расказвае, пакуль праходзім па калідорах лячэбнага корпуса. Першае пацвярджэнне — за дзвярыма кабінета кінезітэрапіі, дзе на апараце «Экзарта» заняткі з дзяўчынкай праводзіць інструктар Ірына Мазурэвіч.

Ідзе сеанс кінезітэрапіі на апараце «Экзарта».

— Кінезітычную ўстаноўку набылі ў жніўні. У нас яна адзіная ў вобласці ў поўнай камплектацыі. Яе кошт — 12 тысяч долараў, — расказвае суразмоўца. — Падвясная сістэма прызначана для аднаўлення рухомасці пазваночніка і суставаў, у прыватнасці, выкарыстоўваецца для работы з дзецьмі, якія пакутуюць ад дзіцячага цэрэбральнага паралічу, маюць каардынацыйныя парушэнні.

Не меншае ўражанне выклікае і кабінет эргатэрапіі. Тут на момант нашага візіту таксама ідуць індывідуальныя заняткі. Праводзіць іх інструктар па эргатэрапіі Юлія Баль. Прызначэнне тэрапіі — развіццё дробнай маторыкі, сэнсарных і тактыльных адчуванняў, сацыяльна-бытавая адаптацыя. Чаго тут толькі няма! Разнастайныя цацкі, трэнажоры, стэнды з усемагчымымі прадметамі, пясок з ракавінкамі і кінетычны…

Падчас заняткаў у кабінеце эргатэрапіі.

— А вось наша ўласная распрацоўка, — паказвае на стэп-дарожку Сяргей Юрыевіч. — Да спецыяльнага дыванка з наклеенымі на яго ступнямі мы дадалі драўляныя борцікі. Трапіць у адасобленыя прамавугольнікі дзеткам, якія маюць праблемы з рухамі ніжніх канечнасцей, стала цяжэй. Затое, ускладніўшы задачу, мы атрымалі значна лепшы вынік ад заняткаў.

Стэнды рознай накіраванасці з лямпачкамі, рамянямі, балтамі, разеткамі, шкляначкамі і іншымі бытавымі рэчамі, якія размясціліся на сцяне, — таксама справа рук работнікаў цэнтра і гонар усяго калектыву.

Энергічная музыка і бадзёрая каманда «Раз, два, тры, чатыры!» чуюцца за некалькі пакояў ад залы фітнеса і танцатэрапіі. Заняткі ў ім з невялікай групай дзяўчынак праводзіць інструктар па фізічнай культуры Вікторыя Сварцэвіч. Яна мае харэа­графічную адукацыю, прайшла курсы перападрыхтоўкі па фітнесе і танцатэрапіі, не так даўно вярнулася з міжнароднай канферэнцыі, дзе спасцігала методыку фітнес-трэніровак для дзяцей, якія маюць праблемы апорна-рухальнага апарату.

У зале фітнеса і танцатэрапіі.

Да нядаўняга часу танцавальныя заняткі праходзілі ў спартыўнай зале, дзе па аб’ектыўных прычынах немагчыма было паставіць люстэркі. У новай зале яны ўпрыгожваюць усю сцяну — ад падлогі да столі. Маецца неабходны спартыўны інвентар.

І гэта толькі тыя новаўвядзенні, што з’явіліся ў цэнтры нядаўна. Пра астатнія «Пастаўскі край» ужо неаднойчы пісаў на сваіх старонках.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ

(Працяг матэрыяла чытайце на 5-ай старонцы № 28 газеты “Пастаўскі край” ад 11 красавіка 2018 г.)

Больше фото в наших группах с соцсетях: 

Одноклассники 

 

ВКонтакте



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.