Спартыўны калейдаскоп

Спорт

На працягу пяці дзён у Палацы гульнявых відаў спорту ў Жлобіне праходзіў папярэдні этап рэспубліканскіх спаборніцтваў па валейболе “Алімпійскія дні моладзі Беларусі” сярод юнакоў 2001-2002 гадоў нараджэння. У складзе зборнай Віцебскай вобласці гулялі двое выхаванцаў Пастаўскай ДЮСШ, дыяганальныя нападаючыя Ягор Артамонаў (СШ № 4) і Павел Лукін (СШ № 1). У саперніцтве з аднагодкамі з іншых абласцей краіны і беларускай сталіцы юныя валейбалісты Прыдзвіння прапусцілі наперад толькі аднагодкаў з Гомельскай вобласці. Нашы землякі выйшлі ў фінал гэтага прэстыжнага турніру, які пройдзе ў Гродне з 16 па 20 мая, і маюць добрыя шанцы прывезці дамоў медалі.

* * *

У складзе брэсцкага “Дынама” ўладальнікам Суперкубка Беларусі па футболе стаў 29-гадовы былы левы абаронца пастаўскага ПМЦ Максім Вітус. Яго клуб у бліскучым стылі перамог шматгадовага чэмпіёна — барысаўскі БАТЭ — з лікам 2:1 і заваяваў трэці важкі трафей. Сам Максім правёў на 30-й мінуце другі пераможны мяч. Сваю паспяховую спартыўную кар’еру ён пачынаў у нашым горадзе, згуляў за пастаўчан 13 матчаў у чэмпіянаце Беларусі па футболе ў 2-й лізе.

* * *

На пляцоўцы ФАКа ў Паставах завяршыўся занальны этап абласной спартакіяды сярод навучэнцаў устаноў сярэднеспецыяльнай адукацыі па валейболе. Мацнейшая ў вобласці каманда юнакоў Пастаўскага дзяржкаледжа атрымала дзве перамогі над валейбалістамі Наваполацка і Лепеля і прадоўжыць далейшую барацьбу. Напярэдадні яна паспяхова выступіла на міжнародным маладзёжным валейбольным турніры “Энергія будучыні” ў Гарадку. Нашы землякі прадэманстравалі найбольш зладжаную, атакуючую гульню і аказаліся мацней за каманды тэхналагічнага і тэхнічнага каледжаў Віцебска, агракаледжаў Пскова (Расія), Малнавы (Латвія), Лужаснянскага і Лепельскага сельскагаспадарчых тэхнікумаў і заваявалі першае месца, Кубак, залатыя медалі і памятныя падарункі. Прыз лепшага іграка турніру атрымаў пастаўчанін, капітан валейбольнай каманды “Атлант” Дзмітрый Аксёненка.

* * *

Вялікая група выхаванцаў пастаўскага футбола, як і летась, будзе гуляць у клубах вышэйшай, першай і другой ліг у дзевяці гарадах краіны. Перад стартам чарговага Беларусбанк-чэмпіянату Беларусі па футболе сезона 2018 года прафесійны кантракт тэрмінам на год падпісаў з “Хімікам” (Светлагорск) наш 23-гадовы паўабаронца Аляксандр Кучараў. У гэтай камандзе, якая летась фінішавала ў 1-й лізе на 9-м месцы, ён будзе гуляць яшчэ з адным пастаўчанінам — Дзмітрыем Кундрам. У другім па значэнні дывізіёне айчыннага футбола экс-пастаўчане выступяць за каманды “Лакаматыў” (Гомель), “Нафтан” (Наваполацк), “Слонім-2017”, Баранавіч і Смаргоні.

Уладзімір ШЫК 

Шахматы

Розыгрыш Кубка раёна па-ранейшаму з’яўляецца адным з самых масавых турніраў. Сёлетнія спаборніцтвы сабралі 23-х прыхільнікаў старажытнай гульні. Каб выявіць 8 мацнейшых, давялося праводзіць адборачны турнір у сем тураў па швейцарскай сістэме. У выніку барацьбу за ганаровы трафей павялі Дзмітрый Стахоўскі, Аляксандр Сямёнаў, Аляксандр Мурзо, Андрэй Паўлаў, Аляксандр Таразевіч, Віктар Шастакоў, Уладзімір Пляшак і аўтар гэтых радкоў.

У двух паўфінальных паядынках дамінавалі мацнейшыя — Д. Стахоўскі і А. Сямёнаў, якія і выйшлі ў фінал. У ім ад пачатку да канца ішла напружаная, вострая і прыгожая барацьба. У першай гульні канцоўка была за А. Сямёнавым, які і святкаваў перамогу. У партыі ў адказ Д. Стахоўскі ўзяў упэўнены рэванш. Былі назначаны бліцы, у якіх кожны з прэтэндэнтаў на абмеркаванне хадоў меў толькі 5 хвілін. Мацнейшымі нервы аказаліся ў Д. Стахоўскага, які і стаў уладальнікам Кубка. У матчы за трэцяе месца А. Паўлаў даволі ўпэўнена перайграў А. Мурзо і замкнуў прызавую тройку.

* * *

Вызначылі свайго пераможцу і ветэраны, чый узрост складае 60 і больш гадоў. У мінулыя гады яўным фаварытам лічыўся Віктар Шастакоў, які ўпэўнена і з вялікім запасам перамагаў сваіх сапернікаў. Сёлета зрабіць гэта яму не ўдалося, бо даволі моцную гульню прадэманстраваў Авенір Чырванец. Для перамогі яму хапіла 5-ці ачкоў. На ачко менш набраў Леанід Косаў. Трэці вынік паказаў Віктар Шастакоў.

* * *

Праведзены апошні, шосты, тур адборачных спаборніцтваў па хуткіх шахматах. Даволі моцна ў ім згуляў Уладзімір Пляшак, які захапіў лідарства з першых партый і да самага фінішу не дазволіў наблізіцца ніводнаму з сапернікаў. У выніку набраў 6 ачкоў з 7-мі магчымых і заняў першае месца. Даволі нечакана другое месца дасталася вучню 8 класа СШ №2 Яўгену Літвіновічу, які набраў 4,5 ачка. Столькі ж і ў Дзмітрыя Крупадзёрава, але ў яго горшымі аказаліся дадатковыя паказчыкі. У выніку ў фінальную васьмёрку трапілі Д. Стахоўскі (19,5 ачкоў), А. Таразевіч (15), А. Паўлаў (15), У. Пляшак (14,5), Д. Крупадзёраў (14), В. Шастакоў (13), А. Мурзо (13), А. Паўлаў (12,5). Фінал адбу­дзецца 6 мая і прысвячаецца Дню Перамогі. Спаборніцтвы пройдуць у сем тураў па кругавой сістэме. Першыя чацвёра пералічаных шахматыстаў атрымалі дадатковы бонус — згуляюць чатыры партыі белымі, а вось астатнія — толькі тры.

Юрый КАТОВІЧ 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.