Створаць валанцёрскі цэнтр


Пасведчанне валанцёра ўручае Галіна Іосіфаўна Аляксеева.

11 красавіка па рашэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый вызначаны Міжнародным днём вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. У гэты дзень у Пастаўскае аддзяленне дзённага знахо­джання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН запрасілі былых вязняў, якія пражываюць на тэрыторыі нашага раёна, а таксама ветэранаў працы розных арганізацый горада. 

Летась тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва рэалізаваў праект “Аказанне валанцёрскай дапамогі былым вязням”. Спачатку быў распрацаваны комплекс медыка-сацыяльных, аздараўленчых паслуг з выкарыстаннем розных масажораў, міні-трэнажораў, лячэннем арома-, магнія-, фіта-, спелеатэрапіяй. Аздараўленне ажыццяўлялася ў аддзяленні ТЦСАН і на даму.

У сакавіку бягучага года пачалася работа па рэалізацыі новага праекта. Яго назва — “Стварэнне валанцёрскага цэнтра з арганізацыяй бясплатнага пункта пракату сродкаў рэабілітацыі ў г. Паставы”. Германскім фондам “Памяць, адказнасць і будучыня” сумесна з міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемаразуменне” ў рамках праграмы падтрымкі “Месца сустрэчы: дыялог” Пастаўскаму тэрытарыяльнаму цэнтру выдзелены грант у памеры 11 тысяч 690 еўра. Сродкі будуць выкарыстаны на стварэнне валанцёрскага цэнтра, аказанне аздараўленчых паслуг на даму, арганізацыю бясплатнага пункта пракату сродкаў рэабілітацыі, правя­дзенне семінараў, сустрэч, культурных мерапрыемстваў, экскурсійных паездак для ўдзельнікаў праекта і валанцёраў, аказанне псіхалагічных кансультацый і на многае іншае. Фінансавую і метадычную дапамогу накіруюць на паляпшэнне сацыяльнага і псіхалагічнага стану пажылых лю­дзей, развіццё дыялогу паміж пакаленнямі, перадачу досведу  старэйшых маладым.

Да прысутных звярнулася дырэктар ТЦСАН Дзіяна Іванаўна Пякарская. Яна ж зацверджана каардынатарам праекта, памочнікам — А. А. Шылько (юрыст ТЦСАН), бухгалтарам — Т. М. Пупкевіч. Галоўныя партнёры — цэнтральная раённая бальніца, раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. У рэалізацыі праекта ўдзельнічаюць прадстаўнікі мясцовай улады, раённы савет ветэранаў, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, настаўнікі-куратары. Не абысціся і без валанцёраў. Імі стануць навучэнцы школ і дзяржаўнага каледжа, якіх таксама запрасілі на мерапрыемства і ўручылі адпаведныя пасведчанні. Гэта ганаровае права было прадастаўлена былым вязням, дзеля якіх і ствараўся праект.

Затым навучэнцы ваенна-патрыятычнага класа “Патрыёт” СШ №4 прэзентавалі сваю дзейнасць, расказалі пра мерапрыемствы, якія праводзяць, а таксама выканалі песню пра пагранічнікаў.  Каментарыі і тлумачэнні далі выкладчык дапрызыўнай падрыхтоўкі, ваенны кіраўнік класа маёр Сяргей Іванавіч Машкоў і навучэнка, старшыня Маладзёжнай палаты пры раённым Савеце дэпутатаў Вікторыя Смятанка.

Прысутныя ацанілі работу патрыятычнага класа. А былыя вязні Грыгорый Іванавіч Леснікаў, Леанарда Юльянаўна Масцяніца, Галіна Іосіфаўна Аляксеева і Усевалад Уладзіміравіч Чырванец расказалі пра жудасныя гады вайны, пра тое, як ім жылося на чужыне, і выпрабаванні, якія давялося вынесці ў канцэнтрацыйных лагерах. Маладое пакаленне ведае пра гэта ў асноўным з кніг і дакументальных фільмаў. Але зусім іншыя пачуцці застаюцца ад успамінаў жывых сведкаў падзей. Таму падчас рэалізацыі праекта будзе рабіцца ўсё магчымае, каб не толькі падоўжыць жыццё былых вязняў, але і зрабіць яго камфортным.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ

Больше фото в наших группах с соцсетях: 

Одноклассники 

 

ВКонтакте



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.